Берасцеец у касцюме ліса: Кіраўніцтва міліцыі палохала мяне, што я магу апынуцца ў Мухаўцы

Затрыманага АМАП у Брэсце Канстанціна Астапука — чалавек у касцюме ліса, вызвалілі з РАУС. Актывіст распавёў журналістам «Белсату» пра пагрозы з боку сілавікоў.

Канстанцін Астапук — чалавек у касцюме ліса, што быў затрыманы АМАПам пасля кармлення галубоў у Брэсце. Фота Мілана Харытонава

Канстанцін Астапук — чалавек у касцюме ліса, што быў затрыманы АМАПам пасля кармлення галубоў у Брэсце. Фота Мілана Харытонава

Астапук кажа, што 11 лістапада ён у касцюме ліса збіраўся ўжо пакідаць плошчу, як яго машыну заблакаваў амапаўскі бус, сілавікі зацягнулі яго ў свой аўто.

«Пагрозы пачаліся яшчэ па дарозе ў РАУС. Адзін з амапаўцаў сказаў, што мяне абвінавачваюць у крымінальным злачынстве, вось толькі ў якім — не ўдакладніў. Але я лічу гэта — пагроза», — распавёў Канстанцін Астапук «Белсату».

«Запалохванні працягнуліся і ў самім РАУСе. Тут са мною вёў «беседу» намеснік начальніка РАУС Мікалай Самасюк. Спачатку міліцыянт спытаў у мяне, як справы, а потым раптам пачаў задаваць пытанні кшталту, як я стаўлюся да халоднай вады, да абліванняў, сказаў, што мяркуе, нібыта я апынуся ў рацэ Мухавец, і што цяпер вада там вельмі халодная, і каб я збіраўся туды», — распавёў Астапук.

Канстанцін лічыць, што сітуацыя з затрыманнем і запалохваннем перакрочыла межы абсурду.

«У дзяцей забралі ляльку, якая гулялі з імі, і раздавала ім балонікі. Людзі пытаюцца ў мяне, як цяпер рыхтавацца да Новага году: як цяпер выходзіць на вуліцу дзядам Марозам, Снягуркам, зайцам? Самасюк усіх будзе хапаць?» — задаецца пытаннем Канстанцін Астапук.

У Брэсце пасля заканчэння акцыі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу 11 лістапада АМАП жорстка затрымаў чалавека ў касцюме ліса. Затрыманым апынуўся Канстанцін Астапук, ён правёў ноч і ІЧУ. 12 лістапада Канстанціна адпусцілі без складання пратаколу, але ўручылі позву ў РАУС і забралі касцюм ліса.

Пра пагрозы з боку намесніка начальніка РАУС і начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Ленінскага раёну Брэста Мікалая Самасюка «Белсату» неаднаразова распавядалі людзі, у тым ліку на ўмовах ананімнасці, але ў тэлефоннай размове з журналістамі «Белсату»  Самасюк гэта зняпраўджваў.

belsat.eu