Біскупы Беларусі папрасілі Лукашэнку зрабіць 1 лістапада выходным днём
Каталіцкія біскупы Беларусі падтрымалі ініцыятыву вернікаў прызначыць выходны дзень для ўшанавання памяці памерлых.
Гэтае пытанне абмяркоўвалася на пленарным пасяджэнні епіскапату 21 лістапада, паведамляе афіцыйны сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў старшыня епіскапату Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку на гэтую тэму.
У каментарыі сайту catholic.by іерарх нагадаў, што 1 лістапада з'яўляецца выходным днём у многіх краінах свету. У гэты дзень католікі адзначаюць урачыстасць Усіх Святых і наведваюць могілкі, каб ушанаваць памерлых.
Выходным днём 1 лістапада з'яўляецца не толькі ў краінах з пераважна каталіцкім насельніцтвам, але і там, дзе побач з католікамі жывуць пратэстанты.
"Дзень усіх памерлых мы пачынаем адзначаць 1 лістапада. Калі гэты дзень будзе вольным, ён стане добрай нагодай памаліцца не толькі ў касцёле, але і на могілках. Разам з тым, гэта прывядзе да балансу з Праваслаўнай Царквой, дзе вернікі маюць выхадны дзень — Радаўніцу", — мяркуе мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
На пачатку 1990-х восеньскія Дзяды былі ў Беларусі выходным днём нароўні з веснавой праваслаўнай Радаўніцай. Аднак потым улады адмянілі каталіцкае свята памінання памерлых, пакінуўшы толькі праваслаўнае.