БПЦ назвала аб'яднаную Праваслаўную царкву Украіны «раскольніцкай супольнасцю»
Агульны сход Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы прыняў 20 снежня заяву наконт утворанай нядаўна Праваслаўнай царквы Украіны, паведамляе «Радыё Свабода».
Тэкст
апублікаваны на сайце БПЦ Church.by.
Мінская епархія БПЦ прыняла заяву «ў сувязі з замахам Канстанцінопальскага патрыярхату на кананічную тэрыторыю Расійскай праваслаўнай царквы, правядзеннем так званага аб'яднаўчага сабору ў Кіеве і ўтварэннем ва Украіне новай псеўдацаркоўнай структуры».
Епархія адзінагалосна падтрымала ранейшыя рашэнні сінодаў РПЦ і БПЦ аб разрыве еўхарыстычных стасункаў з Канстанцінопальскім патрыярхатам, выказала «сыноўскую» падзяку Маскоўскаму патрыярху Кірылу «за чысціню царкоўных канонаў і нястомную працу ў справе захавання адзінства царквы». Выказваецца таксама «братняя падтрымка» кіраўніку падкантрольнай РПЦ Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.
Новая аўтакефальная Праваслаўная царква Украіны ў заяве называецца «раскольніцкай супольнасцю». У дачыненні гэтай царквы і яе мітрапаліта Епіфанія ў тэксце ўжываецца фраза «так званы».
Мінская епархія пастанавіла правесці «тлумачальную працу» ў сваіх прыходах аб пазіцыі РПЦ у царкоўным канфлікце ва украіне, немагчымасці супольных служэнняў і ўдзелу ў таінствах.
БПЦ з’яўляецца
адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Расійскай праваслаўнай царквы. Беларуская
праваслаўная царква не можа выбраць сабе кіраўніка, ёю кіруе выбраны Сінодам
РПЦ мітрапаліт Павел з Разані, які не мае беларускага грамадзянства, і нават не
збіраецца атрымліваць беларускі пашпарт.
Да 1989 года не было і
Беларускага экзархату, адзіная Мінская епархія ўваходзіла ў склад РПЦ на такіх
жа падставах, як расійскія.
www.svaboda.org