Брэст: сацыял-дэмакраты скардзяцца ў пракуратуру і дзяржаўны кантроль на мясцовы райвыканкам

Падставай для скаргі з’явіліся звесткі пра тое, што Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт аддаў у арэнду прыватнай фірме ўчастак ракі Мухавец працягласцю 10 кіламетраў — ад мяжы горада Брэста да мяжы з Жабінкаўскім раёнам.



muhavec_raka_1.jpg

Калі інфармацыя пра існаванне дамовы аб арэндзе гэтага ўчастка паміж райвыканкамам і ТАА “Белэлектрабудмантаж” пацвердзілася (неўзабаве тут плануюць арганізаваць платную аматарскую лоўлю рыбы), абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) заявіла пра пачатак кампаніі, накіраванай на вяртанне ў агульнадаступнае карыстанне ўчастка ракі Мухавец.

Дадзены ўчастак ракі ў адпаведнасці з Законам РБ “Аб ахове навакольнага асяроддзя” аднесены да прыроднай тэрыторыі, якая падлягае спецыяльнай ахове, — распавёў старшыня абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі. — Гэта тэрыторыя Мухаўца ўнікальная, бо тут знаходзяцца месцы нерасту і зімавальныя ямы, утрымліваецца вельмі разнастайная іхтыяфаўна. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі нетры, воды, лясы складаюць выключную ўласнасць дзяржавы, але ў дадзеным выпадку мы назіраем, што арэнда ўчастка ракі наўпрост супярэчыць заканадаўству, бо натуральныя прыродныя водныя аб'екты не могуць быць прадметам арэнды з мэтай прамысловай лоўлі рыбы”.

Кіраўнік брэсцкіх сацыял-дэмакратаў дадаў, што зварот пракуратуру і кантрольныя органы ўлады мае на мэце дамагчыся правядзення належнай праверкі наконт заключэння дамовы пра арэнду ракі Мухавец і ўтрымлівае заклік аднавіць законныя правы грамадзян на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. “Увогуле мы плануем надаць шырокае грамадскае гучанне гэтай праблеме і будзем выкарыстоўваць усе легальныя спосабы для адмены згаданай дамовы”, — паведаміў Ігар Маслоўскі.

 
spring96.org