Цяпер усе дзеці роўныя

З пачатку 2013 года змяніўся парадак налічэння выплат па доглядзе за дзіцём. Сацыяльная дапамога цяпер павялічылася, бо яе прывязалі да сярэднямесячнай заработнай платы па краіне. Але ўраўняліся выплаты для дзяцей з поўных і няпоўных сямей.



6_22.jpg

Менавіта апошняе новаўвядзенне выклікала гарачыя дыскусіі. З аднаго боку тыя, хто не бачыць адрознення паміж дзецьмі ў прынцыпе і, адпаведна, не бачыць нагоды для дадатковых даплат, калі дзіця выхоўвае толькі адзін з бацькоў. У якасці пазітыўнага моманту ад гэтых новаўвядзенняў называюць і немагчымасць цяпер спекуляваць на статусе «маці-адзіночкі» — практыка, калі адмыслова дзеля дадатковых выплат не рэгістравалі шлюб, была не такой і рэдкай. З іншага боку дыскусіі — няпоўныя сем’і, у якіх цвёрда перакананыя, што абавязак дзяржавы дапамагаць гадаваць дзяцей.

Цяпер да лічбаў. Максімальная дапамога па доглядзе за дзіцём да трох гадоў у Беларусі цяпер складае 1 615 070 рублёў. Гэтую суму будуць выплачваць кожны месяц сем’ям, якія выхоўваюць двух і больш дзяцей да трох гадоў (40 адсоткаў ад сярэдняй заработнай платы).

Сем’і, якія выхоўваюць першае дзіця да трох гадоў, будуць кожны месяц атрымліваць 1 413 190 рублёў (35 адсоткаў ад сярэдняй зарплаты). Дапамога на дзяцей-інвалідаў да трох гадоў складзе 1 816 960 рублёў (45 адсоткаў ад сярэдняй зарплаты за месяц).

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэднямесячная заработная плата работнікаў па краіне за III квартал 2012 склала 4 037 686 рублёў.

Ці істотна павялічыліся выплаты на дзяцей, ніхто лепш за бацькоў ацаніць не зможа. Людміла жыве ў невялікім гарадку Гомельскай вобласці, выхоўвае дваіх дзяцей, муж ездзіць на заробкі ў Расію на будоўлі. Паводле яе слоў, цяпер дапамога на дзяцей «стала больш-менш нармальнай, раней плацілі ў два разы менш». З другога дэкрэтнага адпачынку Людміла выйшла, калі малодшаму хлопчыку яшчэ не было двух гадоў. Жанчына патлумачыла, што не хапала грошай, у многім даводзілася сабе адмаўляць. Цяпер, калі прыбытак складаецца з заробку двух дарослых і выплат на дзяцей, сям’я пачуваецца больш упэўнена. «Я магу сабе дазволіць больш дарагую і якасную касметыку, не так ашчаджаю на вопратцы для сябе. Пражыць толькі на «дзіцячыя» грошы ўдвух? Можа, і магчыма, калі маеш сваё жыллё, але вельмі бедна. Хаця я, шчыра, не ўяўляю як», — гаворыць маладая маці.

Раней магчымасцю падвысіць выплаты на дзяцей, калі маці ў статусе «маці-адзіночкі», карысталіся многія сем’і. Мяркую, ці не кожны чытач можа знайсці сярод сваіх знаёмых такія пары — жывуць разам многа гадоў, выхоўваюць сумесных дзяцей, але шлюб афіцыйна не рэгіструюць. Часта ў матывацыі палягалі выгоды ад дадатковых выплат, магчымасці атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва і гэтак далей.

Сярод тых, хто супраць новаўвядзення ў сферы выплат дапамогі на дзяцей, маладая маці Наста Азарка. Наста жыве ў Нясвіжы, адна выхоўвае маленькую дачку.

— Дзеці, якія выхоўваюцца ў няпоўных семя’х, маюць сродкі да існавання толькі ў выглядзе гэтых выплат. Калі ж ёсць бацька, то, звычайна, ёсць і яго заробак для сям’і. Гэта вельмі істотная розніца. З гэтага года замужніх і адзінокіх жанчын з дзецьмі ўраўнялі, — тлумачыць Наста Азарка незадаволенасць зменамі ў заканадаўстве.

Пытаюся ў Насты, на што хапае «дзіцячых» выплат і ад якой сумы маці пачуваліся б упэўнена і камфортна.

— Гэтых грошай хапае толькі на паўзункі. Эканоміць зусім не атрымаецца, бо гэта ж дзіця, а яму патрэбна і харчаванне, і адзенне. У мяне ёсць палёгка: мы жывём з маёй маці, яна аплачвае камунальныя, гаспадарчыя выдаткі. Яшчэ мая дачка атрымлівае бясплатнае харчаванне — малочныя сумесі, пюрэ з гародніны-садавіны, мясныя пюрэ, гэта таксама істотна нам спрашчае жыццё. Дарэчы, адрасную дапамогу, бясплатнае харчаванне на дзіця могуць атрымліваць і поўныя сем’і, калі ў іх нізкі афіцыйны даход. Але, каб атрымаць гэтую дапамогу, трэба абыйсці мноства ўстаноў, падпісаць ворах папер. Для мамы-адзіночкі гэта нязручна — ці шукай, на каго дзіця пакінуць, ці цягай яго за сабою...

Дык якая ж дапамога на дзяцей была б паўнавартаснай ды дазваляла б мамам не эканоміць на неабходным? «Разы ў тры больш, чым цяпер выплачваюць. Тое ж тычыцца і замужніх, асабліва калі яны выхоўваюць другое ці трэцяе дзіця», — падкрэслівае Наста Азарака.