Ціск на палітвязняў працягваецца: ШІЗА, пазбаўленне відэазванкоў і «атаваркі»

Брэстаўчанін Цімур Рызапур асуджаны 10 сакавіка за «масавыя беспарадкі» на чатыры з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пакаранне Цімур адбывае ў ПК-1 у Наваполацку. На 30 жніўня Цімур знаходзіўся ў ШІЗА за нібыта «невыкананне нормы выпрацоўкі». Алена, жонка Цімура, распавяла праваабаронцам пра ціск, які аказваецца ў калоніі на яе мужа.

photo_14.jpg


Алена з дзецьмі вясной з'ехала за мяжу, таму бачыць свайго мужа яна можа толькі падчас відэазванкоў, на якія зняволеныя маюць права і якіх Цімура чамусьці пазбавілі (ні разу не вадзілі на відэазванок). Апошняя размова паміж мужам і жонкай адбылася 29 ліпеня, а апошні ліст ад Рызапура за 21.08, дзе ён піша, што за «парушэнні»  яго пазбавілі званкоў, перадач, спатканняў, «атаварка» дзве базавыя (58 руб.) з належных яму пяці (145 руб.), працуе па 6 дзён на тыдзень, атрымліваючы ад 30 да 50 капеек у месяц. Прычыны гэтага яму незразумелыя.
На званкі і скайп Рызапур пісаў шмат заяў, яны падпісваюцца, але на гэтым усё. Звычайна зняволеныя тэлефануюць кожны тыдзень. Акрамя гэтага, палітвязню не аддалі абутак з рэчавай пасылкі, хадзіць даводзіцца ў казённым (пішуць, што хадзіць у ім немагчыма).
Вось ужо больш за тыдзень Алена спрабуе датэлефанавацца ў калонію, каб даведацца пра стан здароўя яе мужа: у спецаддзеле пасылаюць у выхаваўчы аддзел, дзе ніхто не бярэ трубку. У медчастцы таксама поўны ігнор. Атрымліваецца замкнёнае кола.
Цімуру патрэбная ваша падтрымка лістамі: ПК №1. 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Цімуру Набіевічу Рызапуру.