Cтаршыня Магілёўскага гарвыканкаму выступіў па-беларуску і абвясціў, што Савецкай плошчы больш няма

Аднак навіну пра перайменаванне Савецкай плошчы ў плошчу Славы жыхары ўспрынялі без энтузіязму.



cumarau.jpg

Выступае Уладзімір Цумараў
Без асаблівага вітання некалькі тысяч магілёўцаў, якія прыйшлі адзначыць афіцыйны Дзень незалежнасці на Савецкую плошчу, успрынялі вестку пра яе перайменаванне. Навіну агучыў на беларускай мове старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Уладзімір Цумараў.
«Галоўнае свята краіны адзначана ў Магілёве перайменаваннем плошчы Савецкай у плошчу Славы, якая, — як, заявіў у сваёй прамове кіраўнік гарадзкой выканаўчай вертыкалі, — у будучым набудзе новы воблік і новае адметнае гучанне».
Пасьля працяглай паўзы і цішыні Уладзімір Цумараў працягнуў: «Тут знойдзе сваё адлюстраванне не толькі гісторыя дня мінулага, але і важнейшыя працоўныя вехі дня сённяшняга». Пасьля гэтых словаў паўза ў прамове чыноўніка была карацейшай, але з той жа цішынёю грамады.
Казаў у сваёй прамове кіраўнік гарадзкой вертыкалі пра поспехі ў эканоміцы, новыя адкрытыя аб’екты ды мір і спакой у Беларусі. Падзякаваў ветэранам за іхную перамогу і падарыў магілёўскім пажарнікам ключы ад пажарнай машыны «Ford».
Пра тое, што найстарэйшы пляц гораду пераназавуць Уладзімір Цумараў заявіў яшчэ месяц таму. Пазней ініцыятыву гарвыканкаму падтрымалі большасцю галасоў дэпутаты гарсавету. Як заяўлялася не супраць былі «працоўныя калектывы, грамадзкія арганізацыі і простыя жыхары гораду».
Напярэдадні сэсія гарсавету, на якой дэпутаты зацвярджалі рашэнне пра перайменаванне плошчы, да іх звярнуліся прадстаўнікі грамадзкасці, аб’яднаныя ў суполку «Грамадскі магістрат». Прасілі не спяшацца з перайменаваннем, а правесці мясцовы рэферэндум, на якім вызначыць, ці падтрымліваюць ініцыятыву жыхары гораду. «Грамадскі магістрат» прапанаваў свой варыянт назвы плошчы — Ратушная. Пра зварот на сэсіі казалі, але, яго не падтрымалі.
Ідэя перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы ўпершыню была агучаная ў 2005 годзе. У 2007-м пераназванне не падтрымалі. Нечакана сёлета яе актуалізаваў Уладзімір Цумараў. Чыноўнік патлумачыў, што новая назва плошчы, як ён выказаўся, «просіцца»:
«Перайменаваць Савецкую плошчу ў плошчу Славы, якой яна павінна быць. Такая назва плошчы просіцца, — казаў Цумараў. Тлумачэнні іншых чыноўнікаў зводзіліся да таго, што савецкая назва плошчы не адпавядае сённяшнім рэаліям.
Прыхільнікі ідэі перайменавання Савецкай плошчы ў Ратушную даводзілі, што дамінантай на пляцы зьяўляецца Ратуша, а не манумент барацьбітам «За Савецкую ўладу». На іхную думку, назва Ратушная нейтральная і не адыёзная.
У розныя часы і эпохі плошча насіла розныя назвы. За часамі магдэбурскай вольнасці яна была Гандлёвай. Калі прыйшлі расійцы, стала Губернатарскай, пазней Думскай. За бальшавікамі — Плошчай Свабоды. Пасля Другой усясветнай вайны стала Савецкай.
svaboda.org