«Чакаем Лукашэнку як выбарнікі». Актывісткі «Маці 328» зноў пачалі галадоўку пратэсту

Чатыры актывісткі ініцыятывы «Маці 328» пачалі бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб паставіць перад ім шэраг нявырашаных пытанняў, звязаных з праблемай распаўсюду наркотыкаў у Беларусі, паведамляе «Свабода».



Галадоўка Маці-328 у вёсцы Высокае, Мінская вобласць, 2019 год

Галадоўка Маці-328 у вёсцы Высокае, Мінская вобласць, 2019 год

Другое патрабаванне — вывучэнне незалежнай камісіяй крымінальных справаў аб наркотыках, якія актывісткі лічаць незаконнымі.

«Спрэчныя справы нібыта ўжо пераглядалі, але нічога ж не змянілася. І галоўнае, што хлопцы, якія выйшлі на волю, зноў пачынаюць займацца наркатой. Бо іх нікуды не бяруць на працу, не лечаць, зрабілі з іх ізгояў, ім няма куды падацца, як толькі зноў узяцца за старое. Трэба на найвышэйшым узроўні прымаць такія рашэнні, каб дапамога былым асуджаным і залежным ад наркотыкаў была сапраўднай», — кажа «Свабодзе» ўдзельніца галадоўкі Алена Кузьміна.

Цяперашняя галадоўка, як і леташняя таксама, праходзіць у доме Алены Кузьміной у вёсцы Востраў Пухавіцкага раёну. Акрамя гаспадыні дома, 16 ліпеня там пачалі галадаваць Ала Берналь і Ірына Агароднік з Мінску, 17 ліпеня да іх далучылася Ларыса Жыгар з Гродна. Жанчыны спадзяюцца, што іх падтрымаюць іншыя актывісткі.

Летась галадалі 22 дні

Леташняя галадоўка «Маці 328» цягнулася 22 дні, у ёй бралі ўдзел больш за 10 актывістак з розных месцаў Беларусі. Галадоўка набыла характар эстафэтнай.

Сярод патрабаванняў, якія ў 2019 годзе выстаўлялі «Маці 328», таксама было патрабаванне сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, якое засталося не выкананым. Чаму актывісткі спадзяюцца, што гэтым разам усё ж удасца сустрэцца з кіраўніком дзяржавы? Ларыса Жыгар думае, што цяпер з’явіўся большы шанец, бо наперадзе выбары прэзідэнта.

«Пачалася выбарчая кампанія і, магчыма, у яе межах Лукашэнка знойдзе час на сустрэчу з намі, у тым ліку як з выбарнікамі. Ды не толькі яго мы чакаем да сябе, але і іншых чатырох кандыдатаў. Мы дагэтуль не ведаем іх праграмаў, у тым Лукашэнкі. Што яны прапануюць для вырашэння праблемы распаўсюду наркотыкаў, для лячэння залежных людзей, для адаптацыі тых, хто ўжо выйшаў на волю? Хай прыедуць і раскажуць нам усім», — прапанавала Ларыса Жыгар.

Актывісткі сказалі, што на мінулым тыдні заносілі сваё патрабаванне ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ды папярэджвалі пра тое, што на бягучым тыдні пачнуць галадоўку.

www.svaboda.org