Чаму ў суверэннай Беларусі няма беларускамоўнага глобуса?
Апошнія гады шукаў для ўнучак у крамах глобус на першай дзяржаўнай беларускай мове. На тэрыторыі Беларусі, дзе мне пашчасціла быць, гэты беларускомоўны інтэлектуальны вучэбны дапаможнік масавага прымянення ў сістэме навучання і выхавання і ў хатнім інтэр’еры знайсці не ўдалося.
У сталічных універмагах іх таксама няма. І, як сведчыць афіцыйны адказ дырэктара ГУМа на мой запіс у кнігу прапаноў, у Беларусі глобус ніколі не вырабляўся і сёння таксама не вырабляецца.
Лічу мэтазгодным газеце даць інфармацыю аб наяўнасці беларускамоўнага глобуса ў знакамітым Гудзевіцкім літаратурна-краезнаўчым музеі, заснаваным А. Белакозам.
Нагадаю чытачам і дзяржаўным асобам, якія маюць прамое функцыянальна-дзяржаўнае і прафесійнае дачыненне, што першым геаграфічным глобусам лічыцца глобус, выраблены М. Бехаймам у 1492 г. Няўжо праз пяць стагоддзяў у Незалежнай дзяржаве Беларусь з тысячагадовай дзяржаўнасцю ў 21 стагоддзі не з’явіцца сучаснік, імя якога ў гісторыі Беларусі зойме ў шэрагу М. Бехайма? Сорам перад светам ці сорам на ўвесь свет! Мне асабіста сорамна перад маімі ўнучкамі, перад усімі дзецьмі Беларусі, сорамна за тое, што не магу нічога зрабіць, каб у беларусаў быў глобус на роднай беларускай мове. Але хочацца верыць, што знойдзецца (можа нават за межамі Беларусі) прагрэсіўна-адказны чалавек, які ўкладзе свой капітал і часцінку свайго сэрца для аб’ектыўна запатрабаванай справы захавання беларусаў як нацыі.
Жыццёва простае пытанне да міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь (ні разу ня чуў і не бачыў, каб пры выкананні службовых функцый ён ужываў беларускую мову), чынавенства вертыкальнай ідэалогіі, БРСМа – няўжо вы не разумееце, што ГЛОБУС на роднай мове, на этнічнай мове, на беларускай мове такая ж неабходная рэч для дзіцяці, як і БУКВАР на беларускай мове, і як калыханка на беларускай мове. Першыя парасткі патрыятызму дзіця ўсмоктвае праз БУКВАР і ГЛОБУС. Афіцыёз досыць часта прамаўляе: «Ня трэба палітыкі!?». Але ж створаная існуючай уладай сітуацыя па гэтых праблемах з’яўляецца антыбеларускай палітыкай.
Паспрабуйце ўявіць, што у Расіі не вырабляюцца рускамоўныя глобусы, у Францыі – франкамоўныя? Так, згодзен – такога абсурду не можа быць. На такое пытанне рускія, якія жывуць у Беларусі, мне адказвалі прыкладна так: «О чем вы говорите, чушь какую то прете». Дык чаму ж гэта нялюдскасць мае права на жыццё ў незалежнай дзяржаве Беларусь?
Пішу з верай і надзеяй у прафесійную і дзяржаўную адказнасць тых асоб, якія маюць дачыненне, на першы погляд, да незаўважальнай, а на самай справе асноватворнай, важнай дзяржаўнай і агульнанацыянальнай праблемы.