Чым займаюцца «іхтамнеты» ў Курапатах?

Каардынатарка грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла Курапаты» Ганна Шапуцька звярнулася да Пракурора Мінскага раёна наконт рэагавання супрацоўнікаў праваахоўных органаў на правапарушэнні на тэрыторыі мемарыяла Курапаты.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

«Згодна з Пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30.01.2019 № 69 п.10: «мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы прымаюць рашэнні, адносна ўтрымання, дабраўпарадкавання ў належным санітарным стане мемарыялаў, месцаў пахавання грамадзянскага насельніцтва… ахова грамадскага парадку на мемарыялах, месцах пахавання і прылеглых да іх тэрыторый, прыняцце мер па папярэджванню правапарушэнняў забяспечваюцца тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў шляхам перыядычнага патрулявання нарадамі міліцыі, а таксама неадкладным рэагаваннем на паведамленні аб правапарушэннях і здарэннях».
Між тым, як адзначаецца ў звароце, увечары 28 сакавіка Ганна Шапуцька і яе муж Віктар на тэрыторыі мемарыяла заўважылі два вогнішчы і групу людзей побач. «Мы падыйшлі, зрабілі заўвагу, папярэдзілі маладых хлопцаў і дзяўчат аб тым, што паведамім супрацоўнікам праваахоўных органаў аб парушэнні заканадаўства, расказалі аб мемарыяле, аб Пастанове Саўміна № 69».
Ганна Шапуцька падрабязна распавяла пра здарэнне на сваёй старонцы ў фейсбуку.

"Іхтамнеты" ля рэстарацыі, фота з фейсбука Ганны Шапуцька

"Іхтамнеты" ля рэстарацыі, фота з фейсбука Ганны Шапуцька

Абаронцы Курапатаў неадкладна паведамілі пра гэта супрацоўніку праваахоўных органаў, удзельніку групы забеспячэння грамадскага парадку побач з рэстарацыяй «Поедем поедим», групы, якая працуе ў цывільнымадзенні і якую абаронцы мемарыяла Курапаты называюць “іхтамнеты”.
«Рэстарацыя “Поедем поедим» знаходзіцца на прылеглай да мемарыяла Курапаты тэрыторыі, у зонах аховы мемарыяла, “іхтамнеты” з’яўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў і павінны рэагаваць на парушэнні заканадаўства, згодна з Законам “Аб органах унутраных спраў”, як на тэрыторыі мемарыяла, так і на тэрыторыі зон аховы мемарыяла, згодна з Пастановай Саўміна №69. Аднак ніякай рэакцыі на нашае паведамленне аб распальванні 28.03.2019 у Курапатах вогнішчаў ад супрацоўнікаў ў цывільным не было». 
Абаронцы Курапатаў лічаць ігнараванне звароту аб здарэнні ў Курапатах супрацоўнікамі ў цывільным парушэннем заканадаўства з боку гэтых супрацоўнікаў і просяць пракурора Мінскага раёна правесці праверку па дадзенаму факту. Таксама яны просяць праверыць выкананне мясцовымі органамі ўлады, чыноўнікамі Мінрайвыканкама, супрацоўнікам і абласных, раённых праваахоўных органаў, выканання Пастановы Саўміна № 69, ад 30.01.2019 года.