«Да 4 раніцы не ведаў, дзе мама». А яе затрымалі пасля Маршу пенсіянераў і павезлі на Акрэсціна
"Маме 59 гадоў, яна
пенсіянерка, — кажа сын. — Мы дамовіліся сустрэцца, яна чакала, пакуль я
пад'еду. Да яе падышлі ззаду і адвялі ў бусік, яна паспела мне патэлефанаваць.
Я потым да 4 раніцы не ведаў, дзе яна, матаўся паміж РУУС і ізалятарам». Пра гэта мужачына расказаў TUT.BY.
Як стала вядома сёння раніцай, жанчыну павезлі на Акрэсціна, цяпер яе будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.Кожныя паўгадзіны Сяргей тэлефануе ў суд Савецкага раёна, каб даведацца, ці паступілі матэрыялы па справе яго маці.
— Пакуль кажуць, што матэрыялаў няма.
Спадзяюся, не будуць зацягваць і ў выніку яе не адправяць на суткі — непакоіцца сын. — Мы дамовіліся сустрэцца ўчора ўвечары каля станцыі метро
"Акадэмія навук", на скрыжаванні вуліцы Сурганава і праспекта
Незалежнасці. Мне заставалася праехаць літаральна некалькі прыпынкаў, як раптам
патэлефанавала мама і сказала, што да яе падышлі ззаду і адвялі ў бусік,
затрымлівалі трое. Ведаю, што мама зрабіла некалькі фота маршу, але калі яе
затрымлівалі, ужо не было ніякага шэсця.
Далей Сяргей увесь вечар і ўсю ноч матаўся
паміж рознымі РУУС і ізалятарам на Акрэсціна, спрабуючы высветліць, куды ж
павезлі яго маці. Нагадаем, што па законе, па просьбе затрыманага супрацоўнік
міліцыі паведамляе сваякам, працадаўцу пра гэта (ч. 3 арт. 8.2 ПВКАаП), аднак
гэтая норма часта парушаецца. Так адбылося і ў гэтым выпадку.
— Я прыехаў у Савецкае РУУС, бо мама паспела сказаць, што іх туды вязуць, там кажуць, што ў нас такой няма. Паехаў у Першамайскае РУУС, яно побач з месцам затрымання, і там кажуць, што такой у нас няма. Тады я паехаў на Акрэсціна, там таксама адказваюць — у нас такой няма. Я да 4 раніцы не ведаў, дзе мама, кідаўся паміж РУУС і ізалятарам, каб высветліць. У выніку аказалася, што яна была ўсё ж у Савецкім РУУС, пасля чаго яе павезлі на Акрэсціна. Цяпер павінен быць суд.
Суразмоўца кажа, што ні лекі, ні цёплыя рэчы для мамы не ўзялі — ні ў міліцыі, ні на Акрэсціна.
— Сказалі, што дзень прыёму перадач — чацвер. Я турбуюся, што яна была лёгка апранутая. А яшчэ ў яе падымаецца ціск, на што мне адказалі, маўляў, у нас ёсць медпункт, калі ёй стане дрэнна — дапамогуць. Раней маму ніколі не затрымлівалі.