ДАІ не рэкамендуе чапляць георгіеўскія стужкі
У Светлагорску пасля амаль месячнага перапынку зноў пачалі рэзаць колы аўтамабіляў, на якіх прымацаваныя так званыя «георгіеўскія стужкі». Чарговы інцыдэнт адбыўся ў ноч з 15 на 16 ліпеня ў мікрараёне «Маладзёжны».
«Пашкоджанымі аўтамабілямі займаюцца супрацоўнікі крымінальнага вышуку, — кажа начальнік Светлагорскага аддзялення ДАІ Васіль Гапоненка. — „Георгіеўскія стужкі“ раздавалі валанцёры падчас мінулых святаў, некаторыя аўтааматары і пачапілі іх на свае аўтамабілі. Мы можам толькі рэкамэндаваць кіроўцам гэтага не рабіць. І рэкамэндуем».
Мясцовыя жыхары ў Светлагорску лічаць, што тут з'явіўся наступнік героя савецкай камедыі «Сцеражыся аўтамабіля» са сваёй адметнай спецыялізацыяй. Той Дзетачкін краў аўтамашыны ў людзей, якія жылі на «непрацоўныя даходы», прадаваў, а выручаныя грошы пералічваў на рахункі дзіцячых дамоў.
Цяперашні «светлагорскі Дзетачкін», на думку грамадскага актывіста, гісторыка Тэльмана Маслюкова, «ваюе» не з аўтамашынамі, а з «русским миром», з сепаратызмам ды імперскасцю, сымбалем якіх стала расейская георгіеўская стужка падчас вайны на ўсходзе Украіны і акупацыі Крыму.
Тэльман Маслюкоў
«Некалі георгіеўская стужка, праўда, у крыху іншай колеравай гаме, асацыявалася з воінскай адвагаю, а цяпер у многіх выклікае адмоўныя эмоцыі. Гэта як свастыка: калісьці яна была графічным адлюстраваннем сонца, а ў руках фашыстаў стала сымбалем зла і гвалту», — сказаў Свабодзе гісторык Маслюкоў.
У чэрвені міліцыя зафіксавала ў Светлагорску каля дзесяці выпадкаў пашкоджання аўтамабіляў з георгіеўскай стужкай. Невядомы зламыснік праколваў шыны ў пакінутых каля дамоў аўто. Найбольш такіх выпадкаў зафіксавана было менавіта ў мікрараёне «Маладзёжны». На адной з машын невядомы нават паскакаў, моцна пашкодзіўшы кузаў.
Пасля публікацыі ў мэдыя інфармацыі пра выхадкі «мясцовага Дзетачкіна» машыны з георгіеўскімі стужкамі пакінулі ў спакоі. Але ненадоўга.
«Маёмасць, безумоўна, нельга, псаваць, — перакананы светлагорскі прадпрымальнік Юры Ляшэнка, які займаецца пасажырскімі аўтаперавозкамі. — Але ня трэба й правакаваць людзей на негатыўную рэакцыю, чапляючы георгіеўскія стужкі ды прыклейваючы партрэты Сталіна на капот або шкло. Паласатая стужка, якую памылкова называюць „георгіеўскай“, неадназначна ацэньваецца ў нашым грамадстве. У Берасьці і Магілёве ДАІ адрэагавала штрафамі на такія „ўпрыгажэнні“ аўтамабіляў. І правільна. Аўтамабілі з графіці на капотах ды бакавінах наагул не павінны на тэхаглядах дапускацца да эксплуатацыі на беларускіх дарогах».
svaboda.org