Дар’я Домрачава ўзяла серабро на чэмпіянаце свету
Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава заваявала серабро ў гонцы пераследу на чэмпіянаце свету, які праходзіць у нямецкім Хохфільцэне.
![domrachava_sciah.jpg domrachava_sciah.jpg](/img/v1/userfiles/images/domrachava_sciah.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гэта яе першы медаль пасля вяртання ў спорт — у кастрычніку Дар’я нарадзіла дачку, а ў студзені пачала выступаць на этапах Кубка свету, але не паказвала занадта высокіх вынікаў.
Домрачава стартавала ў пас’юце толькі з 27-й пазіцыі, па выніках не вельмі ўдалага для яе спрынту. Аднак на гэтай гонцы беларуска паказала чыстую стральбу, што дазволіла ёй утрымацца ў тройцы лідараў і абысці нават сёлетніх фаварытак.
Перамога ў гонцы дасталася немцы Лауры Дальмаер, якой Домрачава прайграла 9,6 секунды. На трэцім месцы чэшка Габрыэла Коўкалава — яна дапусціла два промахі і таму не змагла прэтэндаваць на перамогу, хоць і стартавала з першай пазіцыі.
Беларуска Надзея Скардзіна заняла ў гонцы пераследу 19-е месца, Ірына Крыўко — 45-е.
euroradio.fm