Для Аляксандра Грунова зноў патрабуюць смяротнага пакарання

25-гадовага Аляксандра Грунова, прызнанага вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай, дзяржабвінавачанне паўторна патрабуе прысудзіць да смяротнага пакарання.



aljaksandr_grunov.jpg

Спрэчкі па справе аб жорсткім забойстве дзяўчыны адбыліся 23 снежня ў Гомельскім абласным судзе. Груноў  абвінавачваецца ў тым , што 20 верасня 2012 года з-за крыўды нанёс не менш 102 нажавых раненняў Наталлі Емяльянчыкавай, ад чаго тая памерла на месцы.
Раней Гомельскі абласны суд прыгаварыў Грунова да вышэйшай меры пакарання, аднак судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда 22 лістапада адмяніла смяротны прысуд, накіраваўшы справу на перагляд. 26 лістапада ў абласным судзе пачалося паўторнае слуханне справы.
Падчас сённяшніх спрэчак дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для абвінавачанага вышэйшую меру пакарання - расстрэл. Пракурор адзначыў, што Груноў здзейсніў злачынства, шакавальнае сваёй жорсткасцю, гэты чалавек небяспечны для грамадства. На думку дзяржабвінаваўцы, у справе шмат абцяжваючых віну Грунова абставінаў, у той час як змякчальных - няма. Яўку з павіннай, напісаную абвінавачаным пасля дастаўлення ў міліцыю, лічыць зьмякчальнымі абставінамі нельга, заявіў пракурор.
Маці забітай студэнткі таксама запатрабавала для абвінавачанага вышэйшай меры пакарання. «У яго няма ні кроплі жалю, ні кроплі раскаяння, як яго наогул можна лічыць чалавекам?» - заявіла жанчына. Яна таксама зачытала паведамленне СМІ з меркаваннем Аляксандра Лукашэнкі аб гомельскай справе. Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, сказаў: «Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінна быць адпаведнымі. Вазьміце гэта на кантроль. У адваротным выпадку мы ніколі не навядзем парадак і ніколі не панізім гэтую тэмпературу ў грамадстве. Цяжкія, асабліва цяжкія злачынствы: вінаваты - адказвай на ўсю катушку».
Адвакат абвінавачанага папрасіў суд пакараць Грунова пазбаўленнем свабоды, але не расстрэлам, бо ўпэўнены, што ён не настолькі небяспечны для грамадства, як лічыць дзяржабвінаваўца. Адвакат прывёў довады аб змякчальных абставінах у справе, у тым ліку аб яўцы з павіннай: «Яна сведчыць аб чыстасардэчным прызнанні і раскаянні. Калі б абвінавачаны не напісаў яўку з павіннай і наогул адмовіўся ад дачы паказанняў , было б вельмі складана даказаць яго віну. Усё абвінавачванне будуецца на паказаньнях Грунова».
Сам Груноў, які выступіў з апошнім словам у судзе, толькі папрасіў прабачэння ў маці забітай дзяўчыны і сказаў, што «не ведае, як гэта адбылося». Адносна пакарання ён ні пра што суд не прасіў.
Варта адзначыць, што забойства студэнткі Груноў здзейсніў праз год пасля адбыцця пакарання за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці: ён збіў сужыцеля сваёй маці. Па выніках псіхіятрычнай экспертызы малады чалавек прызнаны адэкватным, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у яго не выяўлена. Аднак ён пакутуе на змешанае расстройства асобы.
Вынясенне прысуду прызначана на 24 снежня.
belapan.by