Дом правоў чалавека ў Вільні запрашае на прэзентацыю кнігі Тамковіча "Няскораны Марыніч"

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава запрашае на прэзентацыю кнігі беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча “Няскораны Марыніч”. 



images_cms_image_000136202.jpg

Фота Барыса Гарэцкага
Прэзентацыя кнігі, прысвечанай Міхаілу Марынічу, беларускаму дыпламату, а потым і палітвязню, пройдзе  1 снежня ў 15.00 у Беларускім ДПЧ імя Б. Звозскава (Вільнюс, вул. Латака, 3).
Кніга «Няскораны Марыніч» складаецца з трох моўных версій — англійскай, беларускай і рускай —  і месціць у сабе апошнія развагі і мноства фотаздымкаў з уласнага архіва Міхаіла Марыніча. Марыніч быў паслом у Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, займаў пасаду міністра знешніх эканамічных сувязяў, аднак пасля пераходу ў апазіцыю ён трапіў за краты. Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў Міхаіла Марыніча ахвярай палітычных рэпрэсіяў, а суд над ім — несправядлівым. Міхаіл Марыніч памёр 17 кастрычніка 2014 года. Разам з аўтарам на прэзентацыі выступіць таксама былы палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі. Мадэратарам мерапрыемства выступіць сябра рады «Вясны» і прэзідэнт Беларускага ДПЧ Таццяна Равяка.
Аляксандр Тамковіч —  журналіст, аўтар шэрагу кніг пра значныя палітычныя падзеі Беларусі ды іх уплыў на лёсы людзей — палітвязняў, грамадскіх актывістаў, праваабаронцаў. Гэта ўжо 17-я кніга Аляксандра Тамковіча пра дзеячоў беларускай палітыкі, культуры і прадстаўнікоў грамадскай супольнасці.
Прэзентацыя будзе праходзіць на беларускай мове з перакладам на англійскую.
Пацвердзіць свой удзел арганізатары просяць да 30 лістапада ўключна па электронным адрасе: belarus@humanrightshouse.org. Адказы на пытанні можна атрымаць па тэлефоне  +370 5 212 77 03.