Акцыя Любові: як гэта было дзесяць гадоў таму
З 1997 года Дзень святога Валянціна ў Мінску — гэта яшчэ і «Акцыя любові» ад Маладога Фронту. Шэсце па цэнтральных вуліцах, запуск фейерверкаў, абход амбасадаў — фармат быў розны. Вось як, напрыклад, адзначылі Дзень святога Валянціна дзесяць гадоў таму.

Сярод удзельнікаў — будучая журналістка «Новага Часу» Таццяна Шапуцька
«Акцыя любові» 2009 года не была дазволена ўладамі і закончылася жорсткім разгонам і збіццём удзельнікаў.

Увечары 14 лютага на плошчы Якуба Коласа сабраліся маладзёны.

Гэтыя хлопчыкі, напэўна, самыя маладыя ўдзельнікі акцыі. Цікава, ці памятаюць яны тыя падзеі і як склаўся іх лёс? Хто ведае — напішыце нам!
На плошчы Якуба Коласа быў зладжаны невялічкі перфоманс.
Пасля маладзёны рушылі ў бок плошчы Свабоды. Але вельмі хутка яны былі вымушаны спыніцца: дарога была перакрыта міліцыяй.


Удзельнікі акцыі скандавалі «Верым! Можам! Пераможам!» і не звярталі ўвагі на папярэджванні праз гукаўзмацняльнік пра магчымасць прымянення фізічнай сілы і спецсродкаў. Калі маладыя людзі заспявалі гімн «Магутны Божа», міліцыяныт рушылі на іх, груба адціскаючы назад на плошчу.
Быў моцна збіты лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч.

Пасля таго, як міліцыя адціснула дэманстрантаў у падземны пераход каля ЦУМа, акцыя завяршылася.
Фота Юрыя Дзядзінкіна