Дылеўскі: Памежнікам сказалі: «Вышпурніце яго нахран з краіны»

Лідар стачкама МТЗ Сяргей Дылеўскі расказаў аб прычынах эміграцыі, а таксама першых днях у Польшчы.

dylevski.png


13 кастрычніка стала вядома, што чалец прэзідыума Каардынацыйнай рады Сяргей Дылеўскі з’ехаў з краіны. Да гэтага ён заставаўся апошнім чалавекам з прэзідыума Каардынацыйнай рады, які знаходзіўся на свабодзе ў Беларусі.

«Нібыта і не збіраўся з’язджаць, але адчуваў, што калі яшчэ застануся дзень-два, то мяне пасадзяць. Гэтыя адчуванні былі сыходзячы з таго, што я рабіў апошнія дні», — кажа Дылеўскі.

Мяжу ён перасякаў на звычайным рэйсавым аўтобусе праз Брэст. «Беларускія памежнікі не ведалі, што са мной рабіць. Прапусцілі ўсіх пасажыраў, калі ж я даў пашпарт, то ў іх узніклі пытанні. Памежнікі пазванілі начальству, была дадзеная каманда зачыніць памяшканне са мной. Сазвоньваліся то з аднымі, то з іншымі, было відаць, што яны нервуюцца няслаба. У выніку я нават чуў, як у слухаўку ім сказалі: «Вышпурніце яго нахран з краіны». Мне аддалі дакументы і я праехаў праз мяжу», — расказвае рабочы.

У Польшчы яму дапамагае «Беларускі дом», з іх падтрымкі сям’я знайшла жыллё. «Цяпер на каранціне па каранавірусе, пакуль што сяджу ў кватэры. Я за свой завод спакойны, там добра наладжаная сетка», — кажа Сяргей.

Вядома, што перад ад’ездам у Дылеўскага была размова з супрацоўнікамі КДБ, пра што ж яны гаварылі?

«Ці ты спыняеш палітычную дзейнасць, ці будуць праблемы з сям’ёй, жонкай, органамі апякунства, завядзем на цябе крымінальную справу. Звычайныя банальныя размовы. Калі б нешта ў іх было на мяне, то яны б даўно мяне закрылі. Яны разлічвалі, што я спалохаюся».

У Варшаве Дылеўскі ўжо сазвоньваўся з Вольгай Кавальковай, плануе бліжэйшымі днямі сустрэцца з ёй і Паўлам Латушкам. «Будзем думаць як дапамагаць рабочым, што засталіся ў Беларусі», — кажа ён.

«Наша Ніва»