«Гэта бяздоннасць нейкага бязмежжа і жаху». Віталь Гуркоў заявіў, што не вернецца ў Беларусь
Знаны беларускі спартовец, шматразовы чэмпіён свету ў кікбоксінгу і тайскім боксе, спявак рок-гурту Brutto Віталь Гуркоў падчас стрыму ў інстаграме Tribuna.com сказаў, што не плануе вяртацца ў Беларусь.
«Вось, кажуць, дно прабітае, але няма ніякага дна. Гэта бяздоннасць нейкага бязмежжа і жаху», — ахарактарызаваў ён падзеі ў Беларусі.
«Сказалі, што Кандрусевіч з’ехаў у Еўропу і атрымаў заданні нейкія… Яны могуць сказаць, што я быў у Зяленскага і атрымаў указанні або грошы на рэвалюцыю. Цяпер жа ворагі Украіна, Польшча…
Разумею, што супраць мяне можна прыдумаць любую справу. Я ведаю футбольных хуліганаў. У 2017 годзе мой таварыш атрымаў каля 10 гадоў па сфабрыкаванай справе — за кіраўніцтва нейкімі незарэгістраванымі арганізацыямі. Віталь Пума адседзеў каля 3 гадоў.
У свой час я быў у нефармальнай тусоўцы, дзе былі хуліганы, анархісты і гэтак далей. Можна лёгка прыдумаць, што я з імі ў адной тэме.
Я бачыў артыкул, дзе я быў выстаўлены заўзятым нацыяналістам, што ў першыя дні мітынгаў я рыхтаваў хуліганаў, якія супрацьстаялі АМАПу. Пры гэтым гэта лёгка могуць даказаць: ёсць фатаграфіі, дзе я з пэўнымі людзьмі. Я класна падыходжу пад гэтую ўсю тэму. Я прыняў рашэнне, што я эмігрант».
Пры канцы размовы Гуркоў пацвердзіў, што не плануе вяртацца ў Беларусь «ніколі».
Паводле Радыё Свабода