Епіскап Веніямін: Адбываецца духоўная барацьба за нашу Айчыну
У свята Мінскай іконы Божай Маці епіскап Веніямін, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, упершыню звярнуўся да вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы з архіпастырскім словам.
«Першы мой да вас зварот як прадстаяцеля Беларускай Праваслаўнай Царквы не будзе ўрачыстым і ўзнёслым. Ён будзе адбывацца ад болю сэрца за родны народ і зямлю нашу, ад любові да ўсіх вас», — зазначыў епіскап Веніямін.
Ён зазначыў, што мы шукаем выхад са смутку і перажыванняў апошніх месяцаў і пакуль не знаходзім і заклікаў да духоўнага асэнсавання таго, што адбываецца.
Епіскап Веніямін прывёў цытату Клайва Льюіса: «Бог звяртаецца да чалавека шэптам любові, а калі ён не пачуты — то голасам сумлення. Калі чалавек не чуе голасу сумлення — то Бог звяртаецца праз рупар пакут».
У дні Успенскага посту, які цяпер завяршаецца ў праваслаўных, прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы заклікаў усіх хрысціянаў няўхільна выконваць пост і падоўжыць яго на працягу трох дзён. «У посце ўзмоцнім малітву грамадскую і асабістую за Беларусь. У храмах і на прыхрамавых тэрыторыях аб'яднаемся для сумеснай малітвы, запалім свяцільні гарачай малітвы па ўсёй Беларусі, у кожным доме.
Яшчэ адно найважнейшае, без чаго не можа быць вяртання свету, — гэта пакаянне ва ўчыненых грахах. Успомнім, што грэцкае слова "метанойя", традыцыйна перакладаецца як "пакаянне", літаральна азначае "перамена розуму". (...) Перамена розумаў, перамена сэрцаў ад зла да дабра, ад хлусні да праўды, ад падзелу да яднання, ад асуджэння да разумення — вось якія перамены патрэбныя нашаму грамадству ў першую чаргу».
Епіскап Веніямін зазначыў, што вернікі ўсведамляюць, што, акрамя вонкавага супрацьстаяння, здзяйсняецца духоўная барацьба за Айчыну ў сэрцы кожнага.
«Апошнія журботныя падзеі ў нашай Айчыне адбыліся ад таго, што сэрцы нашы схіліліся ў нядобры бок, ад таго, што святло Хрыста не змагло заззяць у гэты цёмны час, калі выявіўся грэх беззаконня.
Веру, што калі мы натхнёна, з стараннасцю і аднадушна выканаем наш намер правесці гэтыя тры дні праз пост, малітву і пакаянні, то хутка ўбачым водгук Неба і зразумеем, што нам, жыхарам Беларусі, трэба зрабіць, каб зло перамагчы дабром і не дапусціць у далейшым зла».
Паводле church.by