Футра з панскага пляча
На самым высокім узроўні было сказана — грошай не шкадаваць. Маўляў, да гэтага часу краіна жыла коштам перапампоўвання вясковых рэсурсаў у гарады, а зараз надышоў час вяртаць
запазычанасць.
На самым высокім узроўні было сказана — грошай не шкадаваць. Маўляў, да гэтага часу краіна жыла коштам перапампоўвання вясковых рэсурсаў у гарады, а зараз надышоў час вяртаць
запазычанасць.
Што да ідэалогіі, то яна ў стасунках паміж дзяржавай і сялянамі застаецца нязменнай. Прыкладам, некалі іх заганялі ў калгасы, бо лічылася, што самі яны сваёй выгады не разумеюць. Ужо на нашай памяці,
калі паўсюль на постсавецкай прасторы калгасы ляснулі, беларускім калгаснікам шлях у фермеры перакрылі. Спужаліся, што тыя фермеры краіну не накормяць. Хоць на самай справе ніводзін фермер ні
паасобку, ні ўсе яны разам нікога накарміць не абяцалі. Большасць з іх хацела толькі аднаго — вольна працаваць на ўласнай зямлі і мець ад гэтага адпаведныя набыткі.
Выснова напрошваецца адна: як і раней, кіраўніцтва краіны лічыць вяскоўцаў не здатнымі да асэнсаванага выбару ні ў гаспадарніцтве, ні ў сацыяльнай сферы. Так ставяцца або да дзяцей, катэгарычна
забараняючы ім карыстацца запалкамі, або хворых на маразм старых. Сярэдняга веку (акмэ, як казалі старажытныя грэкі) у сялян быццам бы і не бывае.
Цікава, што ні да каго іншага такія патрабаванне забяспечыць народ сваімі таварамі або паслугамі не ставяцца. Таму прамысловасць, будаўніцтва, транспарт ды іншыя галіны народнай гаспадаркі працуюць,
як умеюць, і робяць, што хочуць. Прыкладам, з самага пачатку 1990-х гадоў цэны на прамысловую прадукцыю і паслугі былі фактычна свабодныя, а цэны на харчаванне паставілі пад жорсткі кантроль. Такім
чынам улады імкнуліся пазбегнуць сацыяльнага выбуху ў сталіцы і абласных цэнтрах. Кошты на прадуктовыя тавары ўстанаўліваліся на ўзроўні заробкаў рабочых і служачых, а вяскоўцам плацілі ў
адпаведнасці з тым, колькі яны ў такіх умовах “заробяць. А часцяком і тое не плацілі. Бывала, што да канца года запазычанасць па заработнай плаце ў сельскай гаспадарцы складала 6 і
болей месячных фондаў аплаты працы.
Падкрэслім, ніхто ніколі не браў на сябе абавязацельствы забяспечыць сялян таннымі аўтамабілямі, лядоўнямі, тэлевізарамі, пральнымі машынамі ды іншым дабром па суразмерных з калгаснымі здабыткамі
коштах. Што даюць, тое і добра.
Гэта ўсё называлася захаваннем дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Прасцей — пераразмеркаваннем сродкаў ад абсалютнай беднаты на карысць большасці адносна бедных, але лепш арганізаваных.
Цікава, што і пазней, калі быццам бы сельская гаспадарка раней за ўсіх аднавіла памеры вытворчасці на ўзроўні 1990 года, заробкі ў галіне складалі каля 60% ад сярэдняга па народнай гаспадарцы
ўзроўню. Увогуле, як бы ні ладзіліся справы ў краіне і калгасах, добра або дрэнна, лёс селяніна адзін — быць бедным.
Калі кажуць, што калгасы працуюць неэфектыўна, мусіць, кажуць праўду. Але не ўсю. Поўная праўда нашмат больш балючая і крыўдная. Бо на самай справе больш-менш эфектыўна ў нас працуюць хіба што
некалькі прадпрыемстваў кшталту Салігорскага калійнага камбіната, Жлобінскага металургічнага завода ды палескіх нафтаздабытчыкаў. Было б інакш — у бюджэце былі б грошы, каб, з аднаго боку,
забяспечыць краіну дастатковым, якасным і танным харчаваннем, а з другога — ажыццявіць сапраўдную лібералізацыю сельскай гаспадаркі. Хай бы сяляне адчулі свабоду працы на сябе і звязаную з
ёй адказнасць за яе вынікі.
Пакуль жа, як здаецца, няма ў краіне асобы або ўстановы, якая б не апекавалася сельскай гаспадаркай, не дапамагала б сялянам збіраць ураджай, сеяць, веяць, садзіць або даіць. Па-ранейшаму лічыцца,
што яны да гэтага няздольныя. Прынамсі, на думку сённяшніх кіраўнікоў, большасць якіх — гэта дзеці ды ўнукі калгаснікаў, а яны вельмі блізкія па менталітэце да сваіх бацькоў і дзядоў, але з
той розніцай, што ўжо саромеюцца адсутнасці ў хаце цёплай прыбіральні. Калі самі раслі, дык ніякага дыскамфорту не заўважалі, а пажыўшы ў студэнцкіх інтэрнатах, сталі круціць носам. А калі ўжо
павыбіваліся ў людзі, дык адчулі сябе ніякавата.
Дык вось вам футра з панскага пляча...
Карацей, калі пагадзіцца з Горкім, які сцвярджаў, што рэлігія ёсць “вздох угнетенной твари, то ідэя стварэння аграгарадкоў “з усімі выгодамі ёсць формай падзякі
вёсцы ад яе лепшых сыноў, пазбаўленых у дзяцінстве цёплай прыбіральні.
Магчыма, гучыць крыху вульгарна, але кропля “мужыцкай праўды ў гэтым ёсць. Бо былыя даўгі сялянам сплачваюць так, каб да іх не трапіла ніводнай жывой капейчыны. І дамкі, і
аграгарадкі, і ўвесь сацкультбыт робяць за грошы гарадскія праекціроўшчыкі, будуюць гарадскія будаўнікі, вызначаюць мінімальныя сацыяльныя стандарты гарадскія спецыялісты. Усе яны некалі збеглі з
вёсак і нават у аграгарадкі вяртацца не збіраюцца.
Памятаю, як на адной нарадзе з удзелам высокіх агракіраўнікоў выступоўца-фермер даводзіў, што гэтыя грошы трэба аддаваць непасрэдна сялянам. Тым, хто хоча жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Хай
бы яны самі выбралі і месца для сядзібы, і архітэктуру яе, і памер і прызначэнне гаспадарчых пабудоў. Дзяржаве б не давялося рупіцца пра вяртанне крэдытаў. Прыватнікі ў нашай краіне — самыя
акуратныя плацельшчыкі, бо адказваюць па абавязацельствах усім нажытым дабром.
А дзяржаве б заставалася забяспечыць інфраструктуру, звязаць новыя паселішчы ў адно цэлае, што без асаблівага клопату дазваляюць рабіць сучасныя тэхналогіі.
Не, дзяржава агульныя нашы грошы па-ранейшаму выкарыстоўвае так, як гэта выгадна чыноўнікам. Мы не кажам, што яны іх крадуць (хоць, верагодна, і без гэтага не бывае нідзе і ніколі), але распараджэнне
гэтымі рэсурсамі забяспечвае іх уладай як асноўным сродкам існавання.
Вяскоўцы ж дэманстратыўна пляскаюць ад задавальнення ў далоні, але жыць у персанальным раі не жадаюць. Пра гэта сведчаць дадезныя апошняга перапісу. Як паведаміла капыльская газета “Слава
працы, за 10 год колькасць насельніцтва ў раёне скарацілася (!) на 9,7 тысяч чалавек (на 22,7%). Для параўнання, за дзесяцігоддзе паміж перапісамі 1989 і 1999 гадоў змяшэнне склала 3 тысячы
(6,7% ад агульнай колькасці). Насельніцтва самога Капыля з часу папярэдняга перапісу паменшылася на 900 чалавек. За перыяд паміж апошнімі перапісамі колькасць дзяцей ва ўзросце 10–14 гадоў
паменшылася ў 1,8 разу.
Адзначым, што Капыль — гэта не якісьці там аграгарадок, а былая цэнтральная сядзіба калгаса “Памяці Варашылава. Гэта адзін з самых прывабных і знакамітых беларускіх
гарадоў. Але і яго насельніцтва ў існых умовах пачынае выміраць, і з кожным годам усё хутчэй. Такая ж сітуацыя і ва ўсіх астатніх раённых (і не толькі) цэнтрах. Калі людзі не хочуць жыць у прыстойных
гарадах, дык хто ж памкнецца ў тыя аграгарадкі?
Падводзім вынікі. Нараджаць няма каму, працаваць няма каму, хутка не будзе каму жыць. А будаўніцтва працягваецца.