Ганну Канапацкую выключылі з АГП

Адпаведная пастанова была прынятая на Палітрадзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая адбылася 1 снежня ў Мінску, паведамляе Радыё Свабода.

Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая

Разглядаючы пытанне аб «адпаведнасці заканадаўчай ініцыятывы Г. Канапацкай Статуту і праграме партыі» палітрада прыняла рашэнне:
«З прычыны неаднаразовых парушэнняў Ганнай Канапацкай Статуту АГП (п. 3.4 і п.9), страты даверу партыі да Г. Канапацкай і страты Г. Канапацкай сувязі з партыяй, Палітрада АГП вырашыла выключыць А. Канапацкую з АГП».
Сёлета ў верасні дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прыпыніла сяброўства ў АГП з прычыны таго, што партыя адмовілася ад супрацоўніцтва з ёй напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.
На з'ездзе АГП 29 верасня сёлета ў якасці аргумэнтаў супраць яе вылучэння прагучала тое, што Канапацкая падчас працы дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў не падымала з парламенцкай трыбуны пытанне фальсіфікацыі выбараў і правакавала сваімі заявамі канфлікты ўнутры партыі.
27 лістапада сёлета Канапацкая апублікавала законапраект аб гарантыях былому кираўніку Беларусі і чальцам яго сямʼі. Паводле законапраекту, былога лідара краіны нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэнні, учыненыя ў час прэзідэнцтва. Ён атрымае пажыццёвую пенсію і зможа карыстацца адной з рэзідэнцый.
Гэты крок дэпутаткі выклікаў у беларускай мэдыяпрасторы розгалас і палітычныя дыскусіі.