Гарвыканкам праігнараваў меркаванне больш за 500 жыхароў Брэста
Зварот з шэрагам прапаноў аб публічнасці расходавання сродкаў на рамонт дарог быў накіраваны ў межах кампаніі «За наш горад». Свой адказ мясцовыя ўлады матывуюць тым, што ўсе сродкі за выплату «транспартнага падатку» паступаюць у рэспубліканскі бюджэт.
Чатыры канкрэтных пытання так і засталіся без адказаў. Берасцейцы патрабавалі:
1. Пазначыць суму грашовых сродкаў, якія паступілі ад «транспартнага падатку» ў 2014, 2015, 2016 гадах у бюджэт горада. Пазначыць агульную суму грашовых сродкаў, выдаткаваных на рамонт дарог у г. Брэсце ў 2014, 2015, 2016 гадах.
2. Пералічыць усе віды работ па будаўніцтву і рамонту дарожнага пакрыцця ў горадзе, якія выкананы за кошт сродкаў «транспартнага падатку» і іншых крыніц.
3. Пералічыць асноўныя плануемыя мерапрыемствы па рамонце (рэканструкцыі) дарожнага пакрыцця на 2017 год.
4. Размяшчаць інфармацыю пра паступленне і мэтавым выдаткоўванні сродкаў «транспартнага падатку» 1 раз у квартал на сайце Брэсцкага гарвыканкама і рэгіянальных СМІ.
Замест ўсебаковага, поўнага, дакладнага і аб'ектыўнага адказу на прапановы, ліст гарвыканкама змяшчае агульную інфармацыю аб тым, што на сайце і газетах пастаянна публікуюцца матэрыялы аб працы па добраўпарадкаванні і будаўніцтву. Мясцовыя ўлады спасылаюцца на магчымасць атрымання інфармацыі праз інфармацыйна-пошукавую сістэму «Эталон» і падчас пасяджэнняў сесій гарадскога Савета дэпутатаў па прыняцці бюджэту.
«Магу пэўна адказаць, што на сесіі гарсавета было агучана ўсяго пару агульных лічбаў бюджэту. Нічога канкрэтна, асабліва ў частцы нашых зададзеных пытанняў, агучана на сесіі не было. Таму дзіўна чуць такія «аргументы» ад дзяржаўнага органа», — каментуе адказ уладаў актывіст кампаніі «За наш горад», старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.
Паводле яго слоў, у межах кампаніі «За наш горад» яны маюць намер працягнуць дамагацца рэалізацыі на практыцы сваіх прапаноў аб публічнасці расходаванне сродкаў «транспартнага падатку». «У хуткім часе мы накіруем прапановы ў гарадскі Савет дэпутатам з вынясеннем дадзенага пытання асобна на сесію гарадскога Савета, а таксама ўсім дэпутатам ППНС ад Брэсцкай вобласці», — дадае Ігар Маслоўскі.
Паводле прэс-службы Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП