Газета Intex-press упершыню выйшла толькі ў электронным выглядзе

Упершыню за 26 гадоў свайго існавання не выйшла папяровая версія баранавіцкай недзяржаўнага газеты Intex-press. Чытачам прапануюць скампаваць свежы нумар выдання ў электронным фармаце.

intex_12_05.jpg


«Калі будзе знойдзеная новая друкарня, выданне папяровай версіі газеты адновіцца», — паабяцаў галоўны рэдактар выдання Уладзімір Янукевіч. Паводле яго слоў, рэдакцыя будзе імкнуцца выканаць свае абавязацельствы перад падпісчыкамі газеты, «аж да вяртання ўкладзеных у нас сродкаў», перадае Еўрарадыё са спасылкай на прэс-службу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Праблемы ў выдання пачаліся пасля публікацыі інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Інтэрв'ю было прызнана экстрэмісцкім матэрыялам, а газета атрымала за яго афіцыйнае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Акрамя таго, на рэдактара выдання Уладзіміра Янукевіча склалі два адміністрацыйныя пратаколы, і двойчы судзілі — за публікацыю інтэрв'ю на сайце і за публікацыю ў газеце. У абодвух выпадках пакаралі вялікімі штрафамі.

Тым часам ад продажу выдання адмовіліся ўсе гандлёвыя сеткі Баранавічаў. Газэту таксама прыбралі з «Белсаюздруку» і падпіснога каталога «Белпошты».

А ў другой палове дня 9 траўня рэдакцыя атрымала ліст з друкарні, дзе да гэтага часу выдавалася. У ім паведамлялася, што «Беларускі дом друку» скасоўвае з выданнем дамову ў аднабаковым парадку. Прычыны такога кроку не тлумачыліся. Толькі ў канцы гаварылася: «Прыносім свае прабачэнні і спадзяемся на паразуменне».