Паўгода пратэстаў: Гісторыю робяць не масы, а асобы

Падаецца, агульнае меркаванне апазіцыйнай часткі беларускага грамадства — перакананне, што галоўнымі чыннікамі захавання ўлады дзейным кіраўніком краіны сталіся жорсткія дзеянні сілавых структураў па задушэнні пратэстаў і наўпроставая падтрымка з боку Расіі.

img_3398_1_logo.jpg


Дзякуй, што не падтрымалі

Безумоўна, умяшанне Масквы сваю ролю адыграла. Але ці было яно толькі адмоўным, калі паспрабаваць паглядзець не з пункту гледжання адно дня сённяшняга?

Калі б расійскі істэблішмент засвоіў урок Украіны і падтрымаў беларускіх пратэстоўцаў, а не ўладу, то фактычна забіў бы кулю ў сэрца незалежнасці Беларусі, — падсілкаваны ўдзячнасцю ментальны ланцуг мацнейшы за ўсе іншыя. Магчыма, парваць яго беларусы ўжо б не здолелі.

І таму ўсе, для каго дзяржаўнасць і незалежнасць краіны — не парожнія гукі, мусяць дзякаваць Пуціну за тое, што ён не здрадзіў сабе. Па сутнасці, расійская афіцыйная (і не толькі) рыторыка наконт апошніх падзей у Беларусі і Росгвардыя ля яе мяжы пахіснулі расійшчыну ў галовах думаючых беларусаў гэтак, як не здолелі б адпаведная колькасць Зянонаў Пазьнякоў разам з Дзярждэпам ЗША. Пасля 9 жніўня 2020 года людзі ўбачылі, што расійская тэлепрапаганда, якой яны шчыра давалі веры, хлусіла датычна ўкраінскіх падзей гэтак жа, як сёння падае тое, што адбываецца ў Беларусі.
Разам з гэтым расійскі фактар нікуды не знікне і працягне ўплываць як на знешнюю і ўнутраную палітыку Беларусі, так і на розумы яе грамадзян яшчэ досыць працяглы час. Толькі пераўтварэнне беларусаў у самадастатковую нацыю здолее мінімізаваць яго ўздзеянне.

Дзе тыя 4 мільёны?

Але не падтрымка Расіі захавала дзейсную беларускую ўладу.
На піках пратэставай актыўнасці на вуліцы Мінска выходзіла 300–400 тысячаў чалавек. Гэта шмат, вельмі шмат, але колькасць жыхароў сталіцы сягае пад два мільёны. Па ўсёй Беларусі пратэстоўцаў набіралася няхай мільён. А што астатнія восем мільёнаў беларусаў? Адкінем чатыры мільёны дзяцей і зусім старых, хаця апошнія маюць аднолькавае з усімі права голасу на выбарах і карыстаюцца ім. Дык якую пазіцыю ўзялі сама меней чатыры мільёны грамадзян Беларусі?
Спявачка, былая салістка Вялікага тэатра Беларусі Маргарыта Ляўчук у адным з інтэрв’ю распавядала пра наведванне роднай вёскі на Брэстчыне неўзабаве пасля выбараў: «У Мінску цяпер асаблівая энергетыка, а ў вёску прыязджаеш — там усё як і было… і там я як белая варона. Многія са старэйшага пакалення жывуць у невядомасці і не жадаюць чуць праўду, глядзець і чытаць хоць нешта, акрамя дзяржаўных СМІ. Учора мне ўвогуле сказалі, што я знеслаўляю сваю сям’ю. Іх не пераканаць».
З інтэрв’ю сяброўкі страйкама МТЗ Ульяны Гарбачовай магчыма было даведацца пра сапраўдныя настроі рабочых прадпрыемства падчас першага жнівеньскага страйку: «…Многія ў душы падтрымліваюць страйк, але самі баставаць не гатовыя. А яшчэ... для мяне быў такі непрыемны момант, калі нас прыехалі падтрымаць людзі, яны прывезлі ваду, ежу. Мы ўжо тады ведалі, што забастоўкі не будзе, але яшчэ стаялі на прахадной, спрабавалі сабраць працоўных. Але яны праходзяць міма, ім увогуле ўсё роўна. ...Бралі гэтую ежу, не разумеючы, для чаго яна, ішлі потым на “Крышталь” і ёй закусвалі».
Гэткую пазіцыю паспалітага насельніцтва прынята тлумачыць страхам за сябе і за сваю сям’ю, бояззю страціць адзіную для простага чалавека крыніцу грошай — працу.
Тлумачэнне нібыта спраўджвае досвед слонімца Яўгена Носіка, што вяртаўся дамоў з Мінска маршруткай, якая была спыненая пратэставым маршам. Насуперак незадаволенасці кіроўцы, ён выйшаў, каб бліжэй разгледзець людзей, што бралі ўдзел у акцыі, а па вяртанні пачуў: «Ты пра маіх дзяцей падумаў? Ты іх будзеш карміць, калі са мной нешта здарыцца? Навошта выходзіў?» Падтрымала кіроўцу і пасажырка: «Чалавек адчувае сябе бессмяротным… Добра, што мне сёння не ў начную змену».
Беларусы, што выходзяць на акцыі, таксама маюць сем’і і дзяцей, якіх трэба карміць. Ім, як і рабочым, грошы не валяцца з неба. І малаверагодна, што сярод іх пераважаюць мазахісты, якія мараць быць збітымі гумовымі кіямі. Але гэтыя людзі ўпарта тыдзень пры тыдні, месяц пры месяцы выходзяць пратэставаць. Выходзяць, адседзеўшы содні за кратамі і абцяжараныя вялікімі штрафамі за ўдзел у папярэдніх акцыях. Не зважаючы ні на што, працягваюць сцвярджаць, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, і патрабуюць новых.
Для даволі вялікай часткі беларусаў, сярод якіх пераважаюць гэтак званыя простыя людзі, права выбару не настолькі важнае, каб за яго ўпарта і працягла змагацца. Таму магчыма сцвярджаць, што ўдзельнікі пратэстаў выразна адрозніваюцца ад агульнай масы насельніцтва краіны.

Нацыянальная буржуазія

Менавіта далучэнне прадстаўнікоў бізнесу і фінансавага сектару, айцішнікаў і людзей, так ці інакш звязаных з прадпрымальніцкай дзейнасцю ў разнастайных сферах вытворчасці і паслуг да інтэлігенцыі, з шэрагаў якой і раней рэкрутавалася значная частка беларускай апазіцыі, і надало пратэстам 2020-га года такі яскравы і незвычайны для Беларусі характар. З’яўленне заўважных элементаў грамадзянскай супольнасці, якой так бракавала ў краіне, і выразна бачны пачатак фармавання нацыі былі б немагчымыя без высілкаў гарадскога сярэдняга класу, бо толькі для месцічаў-буржуа яны і маюць значэнне.
Нацыянальная дзяржава ўвогуле можа быць адно прадуктам дзейнасці нацыянальнай буржуазіі і ніяк інакш, бо толькі ёй ды яшчэ нацыянальнай інтэлігенцыі яна і патрэбная. Гэта для іх нашмат больш за астатняе насельніцтва важныя права голасу, адкрытыя і сумленныя выбары ўлады ўсіх узроўняў, палітычная канкурэнцыя і правы чалавека. Толькі пры гэтых умовах могуць быць рэалізаваныя вяршэнства закону і незалежнасць суда, змяняльнасць улады і збалансаванасць яе сістэмай стрымак і супрацьвагаў, што гарантуе абароненасць прыватнай уласнасці і права ўплыву грамадзян на дзяржаўную палітыку.
Гэта беларускі гарадскі сярэдні клас здолеў згуртаваць вакол сябе накіраваную на развіццё, а не на захаванне «стабільнасці» частку моладзі і тых грамадзян Беларусі, якім не патрэбная патэрналісцкая дзяржава, стаўся натхняльнікам і рухавіком пратэстаў, што не сціхаюць каторы месяц.
Менавіта гэтыя людзі, а не міфічны, невядома адкуль раптам паўсталы «народ», выяўляюць трываласць у барацьбе, самаахвярнасць і салідарнасць, якая ўражвае.

Разышліся па розныя бакі?

Падобна, фразы кшталту «беларускае грамадства супрацьстаіць аўтарытарнай уладзе» і «цяпер герой — увесь беларускі народ, увесь без вынятку» напоўніцу не адпавядаюць рэчаіснасці.
Калі адны пенсіянеры штопанядзелак выходзяць на «марш мудрасці», то іншыя засыпаюць міліцыянтаў паведамленнямі пра месцы збораў пратэстоўцаў.
Настаўнікі, якія спрабуюць працягваць жыць з заплюшчанымі вачыма, самі прызнаюць, паводле Тамары Мацкевіч, што, у адрозненне ад іх, вучні «не маўчаць і больш не хочуць трываць атмасферу затхласці і цвілі».Разышліся па розных палітычных баках бліжэйшыя сваякі: малодшы з вядомых братоў-гандбалістаў Рутэнка падтрымаў пратэсты, а старэйшы застаўся адданым дзейнаму кіраўніку дзяржавы.
Але з гэтага не вынікае, што чарговыя «элегантныя» 80% адпавядаюць ёй больш. Сапраўдныя настроі беларусаў — вельмі заблытанае пытанне.
Асаблівасць бягучай сітуацыі ў Беларусі ў тым, што ні ўлада, ні апазіцыя не ведаюць дакладна, ні хто насамрэч набраў большасць галасоў на мінулых выбарах, ні як размяркоўваюцца палітычныя сімпатыі беларусаў цяпер.
Не варта спрабаваць патлумачыць пасіўнасць звычайных людзей адно страхам перад уладай і гвалтам. Яны яе і насамрэч баяцца, але самы вялікі страх адчуваюць перад няпэўнасцю будучыні. Простыя беларусы за кароткі час перадвыбарнай агітацыі не перасталі быць «простымі», і сацыялістычная рыторыка ўлады па духу засталася ім бліжэйшай за ліберальна-рэфарматарскую рыторыку апазіцыі. Яны не перасталі баяцца канкурэнцыі, якая абавязкова ўзмацніцца ў выпадку перабудовы эканомікі і дзяржаўнага ладу. А існая ўлада цягам усяго панавання свой электарат ад канкурэнцыі тым ці іншым чынам намагалася абараняць, хаця з кожным годам рабіць гэта ёй усё цяжэй і цяжэй.
Не столькі расійскае ўмяшанне і гвалт, колькі пасіўнасць маўклівай беларускай большасці спрыяюць захаванню ўлады дзейсным кіраўніком дзяржавы. Самы час набрацца мужнасці і прызнаць гэты прыкры для прыхільнікаў пераменаў факт. Яго адмаўленне пацягне за сабой шэраг фатальных памылак.

Марныя спадзяванні на страйк

izobrazenie_viber_2020_08_14_15_46_22_logo_1.jpg


Адна з найбуйных — працяг спадзяванняў перамагчы ўладу з дапамогай страйкаў рабочых на дзяржпрадпрыемствах. Справа не ў тым, што гэтыя чаканні не спраўдзіліся ўжо двойчы.
Палітыка існай улады заўжды была накіраваная як на ўсебаковую наўпроставую і ўскосную падтрымку вытворчасці, так і на запавольванне працэсу скарачэння працоўных месцаў на дзяржпрадпрыемствах нават тады, калі становішча эканомікі вымагала супрацьлеглага. На дзве гэтыя мэты дзяржавай вылучаліся доўгатэрміновыя і танныя (часам увогуле дармавыя) крэдыты. Прызначаліся мытныя і падатковыя палёгкі. Буяў пратэкцыянізм. Усё гэта каштавала велізарных грошай, якія пазычаліся ўладамі за мяжой і выціскаліся з недзяржаўнага сектара эканомікі — таго самага, што нарадзіў бунтоўны сёння гарадскі сярэдні клас.
У апошнюю чаргу, у найдрабнейшым памеры, але рабочыя дзяржпрадпрыемстваў, гэтаксама, як і чыноўная вертыкаль Беларусі, ёсць бенефіцыярамі палітыкі ўладаў, якая праводзіцца больш за чвэрць стагоддзя.  Эканамічны крызіс можа падштурхнуць рабочых да страйкаў. Хваляванні рабочых могуць набыць маштаб, пры якім улада не ўстрымаецца і сыдзе. А рабочыя са сваімі праблемамі застануцца.
Як хутка палітыка стамляе шараговага чалавека нават у лёсавызначальны час, я пераканаўся, назіраючы за сваім сённяшнім атачэннем. Не мінула па выбарах і месяца, як пачулася: «Ды дасталі ўжо гэтыя навіны пра адно і тое ж! Давай кіно глядзець!» А на заўвагу, што бурлівыя палітычныя падзеі вырашаюць будучыню ўсіх без вынятку беларусаў, і вязняў у тым ліку, прагучала: «Не зачароўвайся — нічога не зменіцца».
Цікава, што пры гэтым сярод вязняў адкрытых сімпатызантаў дзейнага кіраўніка Беларусі ўсяго некалькі чалавек, астатнія нібыта не супраць пераменаў. Але я ўпэўнены: былі б яны сёння вольнымі — мала хто з іх выйшаў бы на акцыі хіба раз-другі.
Няхай змагароў за дэмакратычную Беларусь адносна не так і шмат. Гэта той выпадак, калі меншасць вартая іншай большасці. Склад і асабістыя якасці грамадзян, што бяруць удзел у пратэставых акцыях, дазваляюць ім каторы месяц супрацьстаяць усяму сілавому блоку і ўладнае вертыкалі краіны. Не чаканне — магчыма, марнае — далучэння шырокіх слаёў насельніцтва, а руплівыя пошукі шляхоў далейшага заангажавання ў справу як мага большай колькасці людзей менавіта з тых колаў беларускага грамадства, што сталіся ядром пратэстаў, ёсць адзіным ключом для развязання палітычнага крызісу Беларусі.
Іншага не праглядаецца таму, што калі на вуліцы чарговага разу выйдуць тысячы і тысячы беларусаў, каб здабыць для Беларусі свабоду, а супраць іх пашыхтуюцца амапаўцы і спецназаўцы, каб вярнуць краіне былую стабільнасць, — абодва бакі мусяць усведамляць: у гэтую самую хвіліну за іхным змаганнем праз інтэрнэт з большым ці меншым напружаннем і цікаўнасцю будуць сачыць хіба што некалькі мільёнаў суграмадзян.
У гэтым няма нічога асаблівага ці дзіўнага. Па ўсім свеце і ва ўсе часіны гісторыю робяць не масы, а асобы. І пакуль асобы не звядуцца з нашай зямлі, Беларусь будзе жыць!