Інсульт праз сілавікоў: шматдзетная маці праходзіць рэабілітацыю ў Вроцлаве

Вроцлаў стаў часовым прытулкам для беларускіх уцекачоў, якія праходзіць рэабілітацыю пасля дзеянняў сілавікоў і ціску, што зазналі на радзіме. Сярод іх — Юлія Сахарук, гісторыю якой распавядае праграма «Беларускі свет» на Белсаце.


У Юліі Сахарук пасля перажытага стрэсу здарыўся інсульт. Сілавікі ў Пружанах брутальна затрымалі ейнага мужа, калі пара ішла ў кавярню адзначыць дзень народзінаў. Жанчыну часткова спаралізавала. Сям’я спрабавала ўладкаваць Юлію на рэабілітацыю ў Беларусі, але праз каронавірус гэтага зрабіць не атрымалася. Дапамогу ў гэтай рэзананснай справе прапанавала Польшча.
«Ужо ёсць вынікі пасля ўсіх гэтых працэдураў. Добрыя працэдуры: электрастымуляцыя, масажы. Ёсць эфекты на назе, заўважна, што нага пачала рухацца, бачна сіла ў руцэ і назе. Юля можа крыху кіраваць некаторымі часткамі цела. Часткова вока было заплюшчанае, цяпер можна глядзець паўнавартасна», – дзеліцца сужэнец Юліі, Анатоль.
У Беларусі ў пары засталіся чацвёра дзяцей, цяпер за імі даглядаюць родныя.
«Вельмі дапамагае басейн, абсталяваны для такіх пацыентаў. Спачатку ў Юлі быў страх, але цяпер няма страху, і сама ўжо пачала прасіцца ў басейн, бо ёй там рэальна вельмі добра. (…) У будучыні, магчыма, не адзін раз сюды вернемся, бо курс лекавання трэба працягваць».Вроцлаўскі санаторый прыняў на рэабілітацыю і актывістку страйкаму «Горадняпрамбуду» Юлію Сліўко.
Пакуль Юлія з сынам не збіраюцца вяртацца ў Беларусь, дзе іх чакае пераслед, а плануюць пачаць новае жыццё ў Польшчы.