Затрымалі, збілі, зламалі нагу, асудзілі. Звычайны сюжэт беларускага «правасуддзя»
«Марш Народаўладдзя» 8 лістапада скончыўся для мінчука ў БХМД. Пасля трох месяцаў рэабілітацыі пасля ЧМТ, зламанай нагі і рэбра хлопца яшчэ і аштрафавалі на 870 рублёў, паведамляе тэлеграм-канал Вясна назірае.
Затрымалі 24-гадовага Уладзіміра Казлоўскага 8 лістапада ў Траецкім прадмесці, хоць у пратаколе сказана, што «рухаўся ў групе грамадзян па вул. Багдановіча, 1». Падчас затрымання хлопец атрымаў сур'ёзныя траўмы: ЧМТ, пералом нагі і рэбра. Яго даставілі ў БХМД, дзе ён правёў цэлы месяц, а рэабілітацыя пасля аперацыі доўжыцца ўжо 3 месяцы. У сувязі з траўмамі Уладзімір нават не змог з'явіцца на суд. Адвакатка на судзе заявіла, што з пратаколам хлопцу не далі азнаёміцца.
З моманту затрымання Уладзіміра судзілі ўжо двойчы. Яго справай займаецца суд Ленінскага раёна Мінска. Аб першым судзе 5 студзеня хлопца нават не апавясцілі. СМС з датай суда прыйшло толькі 6 студзеня. Справу тады разглядала Анастасія Ачалава, якая прызнала Уладзіміра вінаватым па арт. 23.34 КаАП і асудзіла яго на 15 сутак. Пасля абскарджання Мінгарсуд адмяніў рашэнне суддзі.
Сёння справу Казлоўскага разглядала суддзя Таццяна Шоцік, патрабуючы ад адвакаткі толькі «паказанняў па сутнасці». Яе цікавіла, ці выкрыкаваў Уладзімір лозунгі 8 лістапада на пікеце, але на траўмы хлопца пасля збіцця сілавікамі не звяртала ўвагі. Пасля 13 хвілін судовага пасяджэння суддзя Шоцік аштрафавала Уладзіміра на 30 базавых велічыняў (870 рублёў).