Распачынаць крымінальную справу па акту вандалізму ў Курапатах адмовіліся
Бараўлянскі аддзел міліцыі Мінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў адмовіўся распачынаць крымінальную справу па апошняму акту вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, паведаміў 27 лістапада ў Мінску на пасяджэнні грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты» даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій на Беларусі перыяду сталінізму, кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў.
Нагадаем, што напрыканцы кастрычніка знікла закладная шыльда будучага мемарыяльнага знаку ў гонар афіцэраў польскай арміі — прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, забітых супрацоўнікамі НКУС на тэрыторыі Беларусі ў красавіку 1940 — чэрвені 1941 гадоў. Шыльда была ўстаноўлена грамадскасцю вечарам 29 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на Беларусі, па ініцыятыве грамадскага аргкамітэта па правядзенні Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі і асвечаная святаром грэка-каталіцай (уніяцкай) царквы айцом Пахомам.
Але менш чым праз суткі пасля адкрыцця шыльда знікла разам з ускладзенымі кветкамі і знічкамі, а таксама была паразбіваная бетонная пліта пад мемарыяльны знак, у сувязі з чым Кузняцоў 30 кастрычніка звярнуўся з заявай у Бараўлянскі аддзел міліцыі. 7 лістапада падчас здымкаў сюжэта для тэлеканала «Белсат» пра будаўніцтва забаўляльнага комплексу каля ўрочышча на месцы зніклай закладной шыльды гісторык выпадкова ўбачыў актывістаў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Валерыя Буйвала і Алеся Чахольскага, каторыя з дапамогаю лапат збіралі ў поліэтыленавыя мяшкі парэшткі разбітай бетоннай пліты. Гісторык выклікаў міліцыю, а дзеянні Буйвала і Чахольскага былі запісаныя на відэакамеры.
Сваё рашэнне па выніках праверкі заяў Кузняцова кіраўніцтва аддзела міліцыі матывавала тым, што ў дзеяннях нявыяўлянай асобы, каторая ажыццявіла крадзеж, «бачацца прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 10.5 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь» (дробны крадзеж маёмасці ў суме, якая не перавышае дзесяці базавых велічынь. Гэтае правапарушэнне цягне за сабою налажэнне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт). «У выпадку ўстанаўлення дадзенай асобы да сканчэння тэрміну накладання адміністрацыйнага спагнання яна будзе прыцягнутая да адказнасці», — гаворыцца ў паведамленні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы.
Як адзначыў Кузняцоў, вынікі разгляду яго заяў супрацоўнікамі міліцыі не сталі нечаканымі. «Справа ў тым, што пасля знікнення шыльды і выкліку ў Курапаты супрацоўнікаў міліцыі яны паўтары гадзіны размаўлялі са мною ў машыне, але не праводзілі аніякіх следчых дзеянняў, нягледзячы на тое, што ішоў снег. Акрамя таго, следчыя нават адмовіліся прагледзець відэазапісы дзеянняў Буйвала і Чахольскага, якія 7 лістапада збіралі і выносілі парэшткі разбітай бетоннай пліты», — сказаў гісторык.
У Курапатах шматкроць адбываліся акты вандалізму, аднак толькі аднойчы злачынцы былі ўстаноўлены. 30 мая 2009 года дзвюх непаўнагадовых мінчан — навучэнцаў школы і прафтэхвучэльні, абвінавачаных у знішчэнні мемарыяльных крыжоў ва ўрочышчы, былі амнісціраваны следствам да суду. 10 красавіка 2009 года старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў Міністэрству ўнутраных спраў арганізаваць пастаяннае пешае патруляванне Курапат сіламі ваенных вайсковай часткі 3310 — другой асобнай спецыяльнай брыгады міліцыі, якая дыслакуецца ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна. Аднак на гэту прапанову ўпраўленне ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама адказала адмовай, матывуючы яе шэрагам аб’ектыўных прычын.