Хронікі рэпрэсій 26 лістапада

З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў і з адкрытых крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 26 лістапада.

_minsk_zima_studzen_sneh_bczb_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__logo.jpg

500 дзён за кратамі ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

14 ліпеня 2021 года да іх і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Алеся, Валянціна і Уладзя абвінавачваюць у «кантрабандзе» паводле ч. 4 арт. 228 КК і «фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», паводле ч. 2 арт. 342 КК.

Сёння ж стала вядома, што справу «Вясны» перадалі ў пракуратуру. Пра гэта паведаміла дзяржаўная газета «СБ» са спасылкай на Следчы камітэт. Паводле ведамства, праваабаронцы нібыта датычныя да кантрабанды 290.000 долараў праз мяжу Беларусі, а таксама да «аплаты штрафаў тых асоб, якія здзейснілі правапарушэнні». Алесю, Валянціну і Уладзю пагражае да 12 гадоў калоніі.

У Цюрыху і Гаазе прайшлі акцыі салідарнасці ў падтрымку Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязняў Беларусі. Людзі патрабавалі вызваліць усіх палітычных зняволеных Беларусі.

Супраць удзельнікаў Аб'яднанага пераходнага кабінета распачата «спецвытворчасць» — іх можа чакаць завочны суд.

«Мы працягваем фіксаваць супрацьпраўную дзейнасць усіх удзельнікаў [АПК]. Якія б яны новыя назвы не прыдумлялі — сутнасць застаецца такой жа. Яны як былі людзьмі без радзімы і сцяга, такімі і засталіся. Бо ўсё тое, чым займаецца кожны ўдзельнік пераходнага кабінета — гэта экстрэмісцкая дзейнасць, а кожны іх намер — гэта шкода нацыянальнай бяспецы», — распавёў намеснік старшыні Следчага камітэта Анатоль Васільеў.

Удзельнікі гурта Litesound усё яшчэ знаходзяцца на «Валадарцы».

Праваабаронцам стала вядома, што браты-музыкі Дзмітрый і Уладзімір Каракіны знаходзяцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Паводле папярэдняй інфармацыі, ім інкрымінаваны актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Нагадаем, пра іх затрыманне праўладныя тэлеграм-каналы напісалі 13 кастрычніка — паводле іх, браты «ўдзельнічалі ў незаконных маршах з перакрыццем дарог, заклікалі і агітавалі ў сацыяльных сетках, супрацоўнічалі з экстрэмісцкімі арганізацыямі».

 

Міліцыя апытала бацьку ксяндза Вячаслава Барка.

Бацька каталіцкага святара Вячаслава Барка жыве ў Мёрах Віцебскай вобласці. Яго апыталі ў сувязі з удзелам ксяндза ў відэа для канала "Х*ртыя-97", апублікаваным два месяцы таму. Пытанні датычыліся таго, ці ўжывае ксёндз Вячаслаў алкаголь і наркотыкі, ці мае маёмасць і калі вернецца ў Беларусь.

Ксёндз Вячаслаў Барок — вядомы каталіцкі святар, аўтар ютуб-канала. У 2021 годзе быў змушаны выехаць у Польшчу ў сувязі з палітычным пераследам. Цяпер кіраўнік беларускай каталіцкай супольнасці ў Варшаве.

Старшыню АГП перавялі ў магілёўскую турму.

Мікалай Казлоў — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на 3 месяца арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады. З 28 снежня 2021 года адбываў тэрмін у баранавіцкім СІЗА-6, а 26 сакавіка выйшаў на волю.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП і абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Пры гэтым пракурорка на судзе цікавілася ў абвінавачаных, ці ўдзельнічалі яны ў выбарах, ці чыталі публікацыі ў «дэструктыўных» каналах і як ставіліся да сітуацыі ў краіне ў паслявыбарчы перыяд. 3 лістапада Мікалаю прысудзілі 2,5 гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам


Пасля 88 сутак арышту на волю не выйшаў святар Уладзіслаў Багамольнікаў.

Ён быў затрыманы 31 жніўня і з таго часу знаходзіцца на Акрэсціна, адбыўшы 6 адміністрацыйных тэрмінаў запар. Чакалася, што ён мусіць выйсці сёння, але гэтага не адбылося. Мяркуючы па ўсім, на яго быў складзены новы пратакол і ён цяпер у статусе затрыманага чакае чарговы суд.

Святар за кратамі чытае лекцыі па філасофіі для сваіх сукамернікаў — менавіта гэты прадмет ён выкладае і ў Мінскай духоўнай акадэміі. Таксама ён духоўна падтрымлівае іншых зняволеных, сярод якіх карыстаецца вялікай павагай.

Багамольнікаў — выкладнік Мінскай духоўнай акадэміі, абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка, а таксама служыў літыю па забітым сілавікамі Раману Бандарэнку.

Былы палітвязень Ілля Міронаў выйшаў на волю пасля 5 сутак адміністратыўнага арышту.

Нагадаем, актывіста асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП) — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкі» канал.

24 кастрычніка Іллю асудзілі да 1,5 года калоніі па «справе Зельцэра». За кратамі яго ўтрымлівалі больш за год.