Хронікі рэпрэсій. Пачалі хапаць за допісы пра нябожчыка Макея, разграмілі кватэру маці загінулага «каліноўца»

З дапамогай праваабаронцаў і іншых незалежных крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед беларусаў 1 снежня.

_cihi_supraciu__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo_1.jpg

Услед за «справай Зельцэра» ў Беларусі пачала раскручвацца «справа Макея». Сілавікі пачалі хапаць тых, хто кепская адгукнуўся на сыход з жыцця былога міністра замежных спраў.

1 снежня стала вядома прынамсі пра тры такія выпадкі. У адным затрыманаму закінулі ў дадатак падспіскі на «дэструктыўныя» каналы, другому — удзел у пратэстах 2020 года.

У сераду ГУБАЗіК паведамляў, што ўстаноўлена больш за 20 чалавек, якія знаходзяцца ў Беларусі і напісалі абразлівыя каментары пасля смерці Макея. Таксама нібыта ўстаноўлена каля 50 чалавек, якія зараз знаходзяцца за межамі Беларусі — сілавікі абяцаюць ім «цёплы прыём пры вяртанні».

Жыхара Скідзеля Міхаіла Мякеку затрымалі па вяртанні з Польшчы. Мужчына жыў у Польшчы паўтара года і вярнуўся ў Беларусь. Затрымалі яго за каментары. Сілавікі таксама паспяшаліся паведаміць, што менавіта ў Польшчы ён зарэгістраваўся ў плане «Перамога», хаця раней не аднойчы выяўлялася, што пра рэгістрацыю ў гэтым плане міліцыянты хлусяць, каб напужаць іншых удзельнікаў ініцыятывы.

Бармэна Вальтэра Гома арыштавалі на 13 сутак. Ён ужо мусіў выйсці на волю, але інфармацыі пра гэта няма.

Вядома, што Вальтэра Гома затрымалі ў пачатку лістапада ў Мінску — ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з ім пад песню "Убили Негра". У Савецкім РУУСе на яго склалі партакол паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянтам). Паводле пратакола, Вальтэр «адмовіўся выходзіць са службовага аўтамабіля, упіраўся і хапаўся за дзверы аўтамабіля».

Віну сваю мужчына прызнаў і растлумачыў, што адмовіўся выйсці з машыны, бо думаў, што гэта розыгрыш. Пазней, калі ўсё зразумеў, то дабраахвотна выйшаў.

У выніку суддзя Савецкага раёна Мінска Вольга Емяльянчанка 11 лістапада прызнала Гома вінаватым і прызначыла яму арышт тэрмінам на 13 сутак.

Сёння была затрыманая жыхарка Мінска Анастасія Шаўцова. Цяпер жанчына знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна. Падрабязнасці затрымання невядомыя.

ГУБАЗіК разграміў кватэру маці загінулага каліноўца Паўла «Волата» Наталлі Суславай. Раней супраць жанчыны распачалі крымінальную справу за інтэрв'ю тэлеканалу «Б*лсат». У канцы свайго роліка сілавікі просяць пакідаць заяўкі на тое, чыю кватэру ім разграміць у наступны раз.

Раней ГУБАЗіК хваліўся разгромам кватэр рэдактаркі «Карателей Беларуси» і ютуб-канала «Дзікае паляванне» Яніны Сазановіч, грамадскага дзеяча Вадзіма Пракоп'ева, блогера Андрэя Павука, прадстаўніцы кіберпартызанаў Юльяны Шаметавец, прэс-сакратаркі Палка Каліноўскага Крысціны «Чабор»  і яе мужа.

Праваабаронцам паведамляюць, што ў некаторых гарадах да тых, хто адбывае палітычную «хатнюю хімію», пачалі часцей прыходзіць міліцыянты з праверкамі — часам прыходзяць нават па начах. Вядома пра выпадкі, калі да людзей прыходзяць двойчы за вечар.

Нагадаем, раней паведамлялася, што ў Баранавічах такім людзям скарацілі вольны час з двух гадзін да адной, кожную нядзелю ім трэба быць на «мерапрыемствах» (раней — раз на два тыдні). Таксама ў людзей узніклі праблемы з камандзіроўкамі. А палітычныя «хатнія хімікі» з Мінску распавядаюць, што ў іх кожны тыдзень начныя праверкі, людзям забараняюць вадзіць дзяцей на кружкі і секцыі.

Вядома, што за парушэнне рэжыму людзям даюць суткі, чаго раней не было.

Палітзняволенаму Анатолю Латушку «настойліва раяць» не пісаць лісты на беларускай мове. Паведамляецца, што яго просяць не рабіць гэта, бо цэнзар у віцебскім СІЗА «не вывучала мову і зусім яе не разумее». З гэтым звязана тое, што лісты па-беларуску не даходзяць да палітвязня.

Аднак Анатоль працягвае пісаць лісты людзям па-беларуску.

Прысуд палітзняволенаму сябру БСДП Ігару Ледніку пакінулі без зменаў. Паведамляецца, што палітвязень пераведзены з Жодзіна ў калонію ў Магілёве. Вядома, што стан здароўя палітвяязня вельмі дрэнны.

Сацыял-дэмакрат асуджаны на тры гады калоніі агульнага рэжыму за «паклёп на Лукашэнку».

Стала вядома, што бандэролі, якія дасылаюць неабыякавыя беларусы да палітзняволенай Галіны Дзербыш, вяртаюцца назад. Акрамя гэтага, ёй не перадаюць лісты. Таксама паведамляецца, што бандэролі не даходзяць ні да Ірыны Гарачкінай, ні да Любові Рэзановіч.

Пенсіянерка Галіна Дзербыш — фігурантка «справы Аўтуховіча», якую нядаўна асудзілі да 20 гадоў калоніі і 700 базавых велічыняў штрафу. Галіну абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Галіну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Жанчына цалкам не прызнала сваю віну. Дзербыш мае інваліднасць другой групы, у яе анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам.

Мінгарсуд прызначыў завочны разгляд справы ў дачыненні да застанавальнікаў Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна. Фігуранты абвінавачваюцца ў тым, што заклікалі да санкцый, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Іх дзеянні кваліфікавалі па ч. 3 арт. 361 КК. Герасіменю і Апейкіна, якія знаходзяцца за мяжой, просяць прыйсці ў суд 19 снежня, а 10-ай раніцы.

І яшчэ навіна пра адвакатуру: не прайшлі атэстацыю трое адвакатаў са Стаўбцоўскага раёну — гэта ўсе адвакаты, што там ёсць. Такім чынам, у раёне, дзе пражывае больш за 40 000 чалавек, больш няма адвакатаў.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ чатырох чалавек. Цяпер у ім 962 чалавекі, з іх 217 — беларусы.

Сярод іх Андрэй Андрасенкаў, палітвязні Ілля Гольцаў, Паліна Арэхава і 19-гадовы Ілля Верамееў, якога асудзілі да 6,5 гадоў калоніі за заклікі дзейнічаць супраць вайны.

Адзначым, што ў спісе 963 чалавекі, але там двойчы ўнесена палітзняволеная Вольга Цыбульская — жанчыну дадалі ў тэрарыстычны спіс яшчэ ў верасні, а потым прадублявалі яшчэ раз у лістападзе.

Выйшла на волю палітзняволеная Ірына Паляніна. Як паведамляе ініцыятыва D*ssidentBY, яна адбывала тэрмін у жаночай калоніі № 24.

Ірына — жыхарка Пастаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі).

Яе абвінавацілі ў тым, што ў снежні 2020 года жанчына размясціла абразлівы каментар у сацыяльнай сетцы пад фотаздымкам начальніка Пастаўскага РАУС, а таксама захоўвала дома патроны ад малакалібернай вінтоўкі. Паводле слоў Ірыны, патроны засталіся ад бацькі.