У Мінску пачынаецца суд над журналістам Генадзем Мажэйкам паводле «справы Зельцэра»
Сёння, 1 снежня, у Мінскім гарадскім судзе пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога карэспандэнта выдання «Комсомольская правда» ў Беларусі Генадзя Мажэйкі.

Працэс будзе весці суддзя Таццяна Фалькоўская.
Журналіста Генадзя Мажэйку абвінавачваюць па двух артыкулах:
«Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» (ч. 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — да чатырох гадоў пазбаўлення волі;
«Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні» (ч. 1 артыкула 130 КК Беларусі) — да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Што здарылася?
Генадзь Мажэйка быў аўтарам нататкі, прысвечанай Андрэю Зельцэру, які загінуў падчас перастрэлкі з супрацоўнікамі КДБ на вуліцы Якубоўскага ў Мінску. Журналіст пагутарыў з аднакласніцай айцішніка, якая распавяла пра яго школьныя гады і станоўча пра яго адгукалася.
Пасля выхаду матэрыялу Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакіравала доступ да сайта kp.by. Як заявілі ў ведамстве, гэта было зроблена на падставе рашэння міжведамаснай камісіі па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры ўрадзе ў сувязі з размяшчэннем на сайце «інфармацыі, здольнай прычыніць шкоду нацыянальным інтарэсам».


Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года. А праз пару дзён, 5 кастрычніка, «Комсомольская правда» прыняла рашэнне закрыць сваё прадстаўніцтва ў Мінску. Журналіста прызналі палітвязнем.
11 кастрычніка мінулага года стала вядома, што Мажэйку прад’явілі абвінавачванне па двух крымінальных артыкулах: ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пазней абвінавачванне перакваліфікавалі.