Адвакаты, што баранілі Калеснікаву, Бабарыку, Ціханоўскага не прайшлі атэстацыю

Кваліфікацыйная камісія не атэставала адвакатаў Уладзіміра Пільчанку і Віктара Мацкевіча, паведамляе праект "Права на абарону", выкліканых на пазачарговую атэстацыю 1 снежня 2022 года.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1__logo.jpg


Адвакаты Уладзімір Пільчанка і Віктар Мацкевіч былі выкліканых на пазачарговую атэстацыю сёння, 1 снежня.

Уладзімір Пыльчанка з'яўляецца адвакатам Марыі Калеснікавай, Эдуарда Бабарыкі, Ірыны Слаўнікавай, Кацярыны Бахвалавай, Лявона Халатрана і іншых.

Віктар Мацкевіч — адвакат Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханада, Яўгена Юшкевіча, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага.

У Беларусі самым папулярным спосабам палітычнага пераследу адвакатаў з боку рэжыму Лукашэнкі з'яўляецца пазбаўленне ліцэнзіі. То-бок наўпрост забарона на працу, дзеля якой людзі атрымлівалі адукацыю і потым развіваліся ў прафесіі.



За апошнія 2 гады шмат адвакатаў, якія абаранялі людзей ў палітычных працэсах, былі пазбаўленыя ліцэнзіі — іх кваліфікацыйная камісія Мінюста прызнае “недастаткова кваліфікаванымі”.

Так, напрыклад, як пісаў НЧ, 3 лістапада чарговую атэстацыю не прайшлі адвакаты, якія ўдзельнічалі ў «палітычных» працэсах. Так, напрыклад, у той дзень пазбавілася ліцэнзіі Людміла Асіеўская. Камісію Мінюста вырашыла, што яна не можа выконваць свае абавязкі «з прычыны недастатковай кваліфікацыі», хоць стаж яе працы па спецыяльнасці — 29 гадоў. Пазбавілі ў той дзень ліцэнзіі і Уладзіміра Ангельскага, які абараняў свайго калегу Віталя Брагінца, супраць якога распачатая крымінальная справа «за ўдзел у пратэстах» і які прызнаны палітвязнем.

У сеціве набыў распаўсюд красамоўны жарт, заснаваны на рэальных падзеях, які характарызуе жахлівую сітуацыю ў беларускай адвакатуры: «Затрыманы адвакат, які абараняў затрыманага адваката затрыманага адваката».