Трэшачок тыдня. У Мінску перафарбавалі сінічак і гілёў, у Стоўбцах ліквідавалі адвакатаў

Лукашэнкаўская Беларусь скатваецца ў суцэльны сюр, і прынамсі назіраць за гэтым бывае захапляльна. Пра гэта наш чарговы расповед па выніках тыдня.

_belarus_zima_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

На ёлцы ў Мінску гілёў і сінічак перафарбавалі ў правільныя колеры

Неўзабаве беларусы сустрэнуць чарговы Новы год — за чаркай-скваркай і салатай аліўе з мандарынамі. Клапатлівыя ўлады ўжо мантуюць святочныя ёлкі ў гарадах, і на плошчы Незалежнасці ў Мінску такая ўжо стаіць, хаця да адкаркавання шампанскага яшчэ амаль месяц.
І вось менавіта з гэтай ёлкай здарыўся некаторы канфуз. Агароджу вакол дрэва вырашылі ўпрыгожыць намаляванымі птушкамі, але якраз з імі ледзьве не выйшла ідэалагічная дыверсія. Бо выбралі ж для хараства тыповых зімовых персанажаў — сінічак і гілёў. А афарбоўка ў іх ад прыроды — не самая добранадзейная. Сінічка — яна па жыцці жоўта-блакітная, што, пагадзіцеся, узбуджае пэўныя асацыяцыі з не самай паспяховай для Масквы і Мінска «спецаперацыяй» ва Украіне. А гіль — той «ваапшчэ» змагар, амаль увесь з сябе «па схеме БЧБ».
Такія птушкі нам не пасуюць, вырашылі недзе наверсе, і загадалі мастакам-афармляльнікам у літаральным сэнсе ісці супраць прыроды. Карацей, каб уберагчы эстэтычныя пачуцці мінчукоў ад «палітыкі», тых сінічак і гілёў пафарбавалі інакш — па схеме «чырвонае з зялёным». Атрымалася вельмі патрыятычненька, што і заўважылі карэспандэнты выдання Citydog.by.

3_523.jpg

2_585.jpg


Так што дыверсія не прайшла, як на тое спадзяваліся «збеглыя» ў сваіх варшавах. Бела-чырвоных Дзядоў Марозаў перамаглі яшчэ год таму, змяніўшы ім футра на сінекаляровае. Цяпер вось агульнымі высілкамі адолелі і ворагаў з класа птушыных. Можна з чыстым сумленнем рыхтавацца да свята.

У Стоўбцах здзейснілі канчатковае вырашэнне адвакацкага пытання

4_487.jpg


Памятаеце мемны выраз з 2020-га: у Беларусі затрымалі ўсіх чалавек? Мемны-та ён мемны, але ж часам гэтая думка датыкаецца да рэчаіснасці. Тым больш, што рэпрэсіі не спыняюцца, а сілавікі, канчаткова страціўшы берагі, працягваюць пакаваць беларусаў у вязніцы і фабрыкаваць на пустым месцы крымінальныя справы.
Дык вось, у Стоўбцах рэпрэсіўная машына разагналася так, што здуру зруйнавала парэшткі мясцовай адвакатуры. Былі ў горадзе тры адвакаты — адзін разумны, другі… Карацей, усе разумныя, мусіць, за тое і пацярпелі. Паводле завядзёнкі, ім прызначалі пераатэстацыю, а гэта сёння фактычна чорная метка.
Адмысловая карная камісія атэстацыю юрыстам не паставіла, чым пазбавіла іх права займацца ўлюбёнай справай. Так і сталася, што ў горадзе і раёне на 40 тысяч жыхароў адвакатаў больш няма. Ніводнага.
У гэтым сэнсе Стаўбцоўшчына цяпер з’яўляецца ўзорным раёнам. У адным асобна ўзятым рэгіёне лукашэнкаўскі рэжым дамогся канчатковага вырашэння адвакацкага пытання. Калі камусьці спатрэбіцца абаронца па справе — нават не палітычнай, а, скажам, у судзе па пытаннях аліментаў — то і няма да каго звярнуцца. Прыйдзецца тэлефанаваць у Дзяржынск ці ў Нясвіж, альбо адразу ў Мінск. Кажуць, там яшчэ адвакаты застаюцца. Гэткія магікане, да якіх пакуль не дацягнулася ўчэпістая рука лукашэнкаўскай мэтазгоднасці. Гэткія недабіткі, да якіх яшчэ дойдзе справа, бо ножычкаў у нас на ўсіх нязгодных хопіць.
Мой родны кут, як ты мне мілы, — сказаў бы на гэта адзін вядомы ўраджэнец Стаўбцоўскага раёна. Той самы, які таксама пабыў палітвязнем — яшчэ пры царскім рэжыме — і тры гады адседзеў на цяперашняй Валадарцы.

Палітзняволенага брата Латушкі спрабуюць русіфікаваць



5_452.jpg


Магчыма, вы ўжо чыталі пра гэтую дзіўную гісторыю, але варта нагадаць: палітвязню Анатолю Латушку «настойліва раяць» не пісаць на волю лісты па-беларуску. Адміністрацыя віцебскага СІЗА просіць пашкадаваць цэнзара, якая «не вывучала мову і зусім яе не разумее». Праваабаронцы кажуць, што менавіта праз гэтую лінгвістычную акалічнасць лісты па-беларуску не даходзяць да палітвязня.
У гэтым сюжэце адразу некалькі аспектаў просяцца ў тэатр абсурду. Па-першае, сам пасыл — не пішыце, калі ласка, па-беларуску, нашаму перлюстратару муляе, «увайдзіце ў палажэніе»… Урэшце, майце сумленне!
Ведаючы няхітрыя практыкі рэпрэсіўнай машыны, можна чакаць, што і новую справу супраць стрыечнага брата Паўла Латушкі завядуць. І тут цэлы букет абвінавачанняў: абраза прадстаўніка ўлады, непадпарадкаванне і сабатаж, ну і гэтак далей. І калі што, то цэнзар у выніку яшчэ і запатрабуе кампенсацыі сваіх маральных пакутаў.
Па-другое, пасля 2020 года не ведаць беларускай мовы турэмнаму цэнзару… Гэта адразу поўная службовая неадпаведнасць. Бо, падаецца, што якраз у няволі цяпер знаходзіцца самая беларускамоўная частка грамадства. Так ужо сталася. Уласна, былі выпадкі, калі наўпрост за мову людзей і граблі за краты, і ўжо там таўравалі асобнай фарбай — маўляў, калі гаворыш па-беларуску, то яўна экстрэміст альбо тэрарыст. То цэнзары сёння проста абавязаныя ведаць мову. Добра было б і курсы ўдасканальвання ім арганізаваць. Зрэшты, улічваючы, што выпадак з Анатолем Латушкам пакуль адзіны такога кшталту, пра які стала вядома, то, можа, усё добра ў тых цэнзараў з філалогіяй?
Па-трэцяе, гэта ўвогуле нешта новае ў змаганні з беларускасцю. Нішчыць тую мову спрабуюць ужо колькі стагоддзяў. Пры царызме гэтай годнай справай займаліся і настаўнікі ў школах, і папы ў цэрквах, і розныя чыноўнікі, і маскоўскія баяры. Пры СССР тыя працэсы працягнуліся. А ўжо Лукашэнка — у суверэннай Беларусі — фактычна пайшоў супраць беларускай мовы ў крыжовы паход. І двухмоўе ўвёў, і ўсяляк прасоўвае русіфікацыю на ўсіх узроўнях, і беларускія школы зачыняюцца, а вышэйшую адукацыю на роднай мове дык наогул нельга атрымаць.
Дый сам Лукашэнка беларускую ненавідзіць толькі таму, што не ведае яе. Як той віцебскі цэнзар, якога ў сённяшняй сітуацыі лёгка можна зразумець. Але добра, што Анатоль Латушка не разумее — і працягвае пісаць лісты па-беларуску. Да адрасату, магчыма, той ліст і не дойдзе, аднак сёй-той у пенітэнцыярнай сістэме хоць навучыцца адрозніваць шкарпэткі ад майткоў, а шуфлядку ад лядоўні.