Хронікі рэпрэсій за 14 лістапада
Справа «малочнікаў», затрыманне бодзібілдаркі. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 8 лістапада.
- Праваабаронцы звярнуліся да беларусаў: Не маўчыце пра рэпрэсіі
Сёння агульная колькасць палітзняволеных у Беларусі дасягнула лічбы амаль у 1500 чалавек. Аднак праваабаронцам вядома, што рэальная колькасць такіх людзей у Беларусі значна большая.
У СІЗА, калоніях і на «хіміях» знаходзіцца яшчэ шмат людзей, затрыманых ці асуджаных па палітычных матывах — аднак па розных прычынах праваабаронцам нічога не вядома пра гэтых людзей.
Праваабаронцы просяць тых, каму вядома пра такіх людзей, напісаць ім.
Не маўчыце пра рэпрэсіі — дапамажыце паказаць свету маштаб катастрофы з правамі чалавека ў Беларусі! — заклікаюць яны.
- «Ён збольшага ў парадку, на здароўе не скардзіцца»: Навіны палітзняволенага журналіста Яўгена Меркіса
Гомельскі краязнаўца і журналіст быў затрыманы 13 верасня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). 30 траўня Яўгену прысудзілі 4 гады калоніі.
Праваабаронца Леанід Судаленка атрымаў навіны ад журналіста, піша «Гомельская Вясна»:
«Ён збольшага ў парадку, жыццё для тых месцаў стандартнае, на здароўе не скардзіцца. Перапісваецца з бацькам (маці памерла, сам Яўген удавец), абмяркоўваюць харчовую перадачу, званкоў пакуль не дазволілі. У вольны час чытае, глядзіць тэлевізар. Нядаўна ў калонію прыязджаў з выступам лектар-гісторык (які не ўдакладняе)».
Падтрымаць палітвязня лістамі, паштоўкамі і тэлеграмамі можна на адрас: ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Яўген Аляксандравіч Меркіс.
- У Гомелі пачынаюць судзіць Яўгена Шчарбіну
У Гомельскім абласным судзе пачынаецца разгляд крымінальнай справы 39-гадовага Яўгена Шчарбіны. Яго абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Справу прызначылі разглядаць суддзю Дзмітрыя Казлова.
Вядома, што Яўгена затрымалі 7 красавіка і асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») на 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Пастанову вынес суддзя суду Чыгуначнага раёна Яўген Парэмскі. Пасля гэтага Яўген на волю так і не выйшаў.
- Сілавікі затрымалі жыхара Брэста за ўдзел у акцыі пратэсту 3 гады таму
На «палонным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за ўдзел у мітынгах 10 жніўня 2020 года, дзе ён нібыта «бегаў з палкай па праезнай частцы і махаў ёй».
Яшчэ адзін затрыманы за ўдзел у пратэстах берасцеец на «палонным відэа» кажа, што нібыта стаяў на дарозе, выкрыкваў лозунгі і перашкаджаў руху транспарту падчас акцыі пратэсту ў Брэсце.
- Экс-палітзняволенай працягнулі прэвентыўны нагляд на два гады. На час суда яе змясцілі ў ізалятар
Былую палітзняволеную з Паставаў Ірыну Паляніну 8 лістапада выклікалі па позве ў мясцовы РАУС, пасля чаго на волю яна так і не выйшла. 13 лістапада ў судзе Пастаўскага раёна суддзя Наталля Жукава разглядзела справу былой палітзняволенай аб падаўжэнні прэвентыўнага нагляду.«»«»«»
Вынікам стала працягненне яго на два гады. Жанчыну ўвесь гэты час утрымлівалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Ірына — жыхарка Паставаў, якую асудзілі да двух гадоў калоніі. Тэрмін Паляніна адбывала ў жаночай калоніі № 24 і ў мінулым лістападзе выйшла на волю.
- Затрымалі бодзібілдарку, што пакідала каментары ў тэлеграм-чатах
Сілавікі сцвярджаюць, што такіх каментароў больш за 700, паведамляе «Наша Ніва».
Затрыманай Раісе Шчарбін 37 гадоў. Яна працуе ў адным са сталічных фітнес-клубаў. А таксама займаецца бодзіфітнесам — гэта від бодзібілдынгу, дзе асаблівая ўвага надаецца гарманічнаму развіццю ўсяго цела. Удзельнічае ў конкурсах.
Яе затрымалі за тое, што яна пакідала каментары ў тэлеграм-чатах. Раней яе тэлеграм-акаўнт называўся адной літарай. Нядаўна яна памяняла імя акаўнта на сваё ўласнае імя карыстальніка, а таксама паставіла сваё фота і адкрыла беларускі нумар, на які ён зарэгістраваны.
- У Віцебску затрымалі мужчыну, які нібыта хацеў ваяваць на баку Украіны
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мясцовы жыхар, «калі знаходзіўся ў Еўропе, прайшоў падрыхтоўку з мэтай удзелу ў баявых дзеяннях на баку Украіны ў шэрагах тэрарыстычных і экстрэмісцкіх фарміраванняў».
У відэа паказваюць скрыншот паведамлення, напісанага затрыманым. З яго вынікае, што віцяблянін — тэхнік-тэхнолаг станкоў, без вайсковага досведу, на момант перапіскі знаходзіўся ў Даніі.
Па якім артыкуле яго абвінавачваюць, не пазначана, але сілавікі сцвярджаюць, што затрыманаму пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
- Лекарку з Новалукомля аштрафавалі за «экстрэмізм» у сацсетках
Суддзя суда Чашніцкага раёна Васіль Коваль 26 кастрычніка за распаўсюд ў сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый пакараў штрафам у памеры 1110 рублёў лекарку-тэрапеўтку Новалукомльскай цэнтральнай раённай бальніцы Валянціну Залескую.
Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, Валянціна размясціла і захоўвала ў свабодным доступе на сваёй персанальнай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Facebook» інфармацыю з трох суполак, якія раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, піша «Віцебская Вясна».