Інтэрнэт? Не для інвалідаў. Якасны электравазок — таксама праблема
3 снежня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Больш за мільярд жыхароў зямлі — інваліды.
Доступ да сучасных тэхналёгій зьяўляецца галоўнай умовай для забесьпячэньня іх паўнавартаснага і раўнапраўнага ўдзелу ў жыцьці грамадзтва. Таму тэма адзначэньня гэтага дня ў 2014 годзе — «Устойлівае разьвіцьцё: патэнцыял тэхналёгій». Ці маюць беларускія інваліды доступ да тэхналёгій, высьвятляла карэспандэнтка Свабоды.
У сваім пасланьні з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун сказаў:
«Мы павінны скасаваць усе бар’еры, якія перашкаджаюць уключэньню і ўцягваньню інвалідаў у жыцьцё грамадзтва, у тым ліку зьмяніўшы такое стаўленьне да іх, якое вядзе да стыгматызацыі і дыскрымінацыі».
Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, цяпер у Беларусі пражывае 536 755 інвалідаў — гэта амаль 5,5% насельніцтва.
Інвалід-вазочнік, каардынатар Офісу па правах людзей зь інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі кажа, што ён такім чынам падзяліў бы тэхналёгіі ў жыцьці чалавека з інваліднасьцю:
Сяргей Драздоўскі
«Ёсьць тэхналёгіі, якія дапамагаюць, зь якімі жыць прасьцей, зручней, якія ў большай ступені забясьпечваюць свабоду. А ёсьць тэхналёгіі, безь якіх у прынцыпе немагчыма жыць. У прынцыпе. І сёньня мы сутыкаемся з тым, што ў нас ёсьць праблемы менавіта з жыцьцезабесьпячэньнем.
Да прыкладу, да нас зьвяртаюцца людзі, якім неабходна пастаянна рабіць гемадыяліз. Яны залежныя ад гэтага адмысловага апарату. Дома трымаць такі апарат немагчыма — гэта дорага, і яго складана абслугоўваць. А вось каб інвалід мог езьдзіць на гэту працэдуру — ніхто ня можа яму гэта забясьпечыць. У нас ёсьць прыклады, калі чалавек год павінен жыць у шпіталі, таму што з дому ён туды на працэдуры ня можа дабрацца».
Для беларускіх інвалідаў самыя вострыя і дагэтуль нявырашаныя праблемы — безбар’ернае асяродзьдзе і якасныя вазкі з электрапрывадам, кажа Сяргей Драздоўскі:
«Тыя, што выпускаюцца — больш папрокаў і прэтэнзій цяжка ўявіць! Пры гэтым вытворцы, адказныя спэцыялісты адмаўляюцца прыслухацца да меркаваньня людзей, якія без гэтага якаснага вазка фактычна ня могуць жыць. І вось вам праблема. Да гэтай пары завод „Магілёўспэцмаш“ так і ня здолеў наладзіць выпуск якасных пад’ёмнікаў, менавіта пад’ёмнікаў, якія якасныя, эфэктыўныя і танныя. Як тут можна судзіць аб тэхналёгіях?!»
У Расеі і ва Ўкраіне інвалід можа атрымаць сучасны, якасны электравазок бясплатна, дзяржава забясьпечвае чалавека з абмежаванымі магчымасьцямі сродкам перасоўваньня. У Беларусі часьцяком не дзяржава, а дабрачынныя арганізацыі дапамагаюць забясьпечыць сродкамі рэабілітацыі інвалідаў.
Інвалід-вазочнік Дар’я Ліс з удзячнасьцю кажа пра ваўкавыскае грамадзкае аб’яднаньне «Саюз сем’яў загінулых, памерлых, інвалідаў войнаў — «Памяць», якая бязвыплатна надае гуманітарную дапамогу, а таксама забясьпечвае тэхнічнымі сродкамі інвалідаў. Менавіта «Памяць» і яе старшыня Віктар Клёпс дапамаглі зь якасным імпартным электравазком Дар’і. Што да беларускіх электравазкоў, Дар’я Ліс кажа:
Дар'я Ліс
«У нас вынайшлі электравазок „Белка“, беларускай вытворчасьці. Быццам бы яе даюць праз сабесы цяпер без праблем. Але ў яго вельмі шмат недапрацовак, вельмі шмат пытаньняў у пляне тэхнікі. Ён прызначаны для перасоўваньня па пакоі, а людзям патрэбна вулічны вазок».
Пачынаючы з 1977 года, у Дзюсельфорфу (ФРГ) штогод праходзіць міжнародная мэдычная выстава Rehacare International, прысьвечаная рэабілітацыі, прафіляктыцы, інтэграцыі і тэхнічнаму абслугоўваньню людзей з абмежаванымі магчымасьцямі — сваю прадукцыю дэманструюць тысячы фірмаў-вытворцаў тэхнікі тэхналёгій, што дазваляюць жыць чалавеку з рознымі формамі парушэньняў, распавёў Сяргей Драздоўскі:
«Мы два гады запар з гэтай выставы прывозілі па 20–30 кіляграмаў праспэктаў, якія нікога з беларускіх чыноўнікаў не зацікавілі. То бок гэтыя навінкі цікавяць толькі саміх людзей з інваліднасьцю, каб даведацца пра штосьці новенькае, і нейкім чынам самім паспрабаваць палегчыць сабе жыцьцё. А вось спэцыялістаў гэта ніяк не цікавіць, не хвалюе і не непакоіць. Таму насамрэч сёньня праблема ня ў тым, што ў сьвеце няма тэхналёгій — яны ёсьць. І гэтыя тэхналёгіі лёгка ўвойдуць у жыцьцё беларуса, які мае патрэбу ў іх. Пытаньне ў тым, што сёньня наша рэчаіснасьць у першую чаргу абумоўлена дзяржавай, якая ніяк не спрыяе пранікненьнем сучасных тэхналёгій да нас».
Дар’я Ліс узгадала яшчэ адну вельмі сур’ёзную праблему, зь якой сутыкаюцца беларускія інваліды, што жывуць у інтэрнатах:
«Пару тыдняў таму патэлефанавала мая старая знаёмая дзяўчына-вазочніца, у яе ДЦП, паралізаваная палова цела, яна жыве ў доме-інтэрнаце. І ў яе дагэтуль няма доступу да інтэрнэту і няма ноўтбука. Я думаю арганізаваць кампанію ў фэйсбуку, каб сабраць ёй грошы на ноўтбук. Але там праблема нават ня ў тым, каб сабраць грошы, а як падключыцца да інтэрнэту і чалавека крышачку навучыць карыстацца. Вось такія праблемы ёсьць».