Івана Шылу выклікаюць у суд на 19 снежня
Судовыя выканаўцы выклікаюць маладафронтаўца Івана Шылу ў суд Салігорскага раёна на 19 снежня. Пра гэта мясцовым праваабаронцам паведамілі бацькі хлопца.

Грамадскі актывіст Іван Шыла (фота nn.by)
Нагодай для выкліку нібыта сталася запазычанасць актывіста “Маладога Фронту” па штрафах, прысуджаных яму яшчэ ў шаснаццацігадовым узросце. Сам Іван Шыла на дадзены момант знаходзіцца на вучобе ў Польшчы.
Зрэшты, сапраўднай прычынай увагі да маладзёна яго бацькі лічаць чарговую гадавіну паслявыбарчых падзей 19 снежня 2010 года. На іх думку, выклік Івана ў суд пасярод дня менавіта ў гэтую дату з’яўляецца прэвентыўным захадам. Такім чынам улады спрабуюць перашкодзіць іх сыну прыняць удзел у магчымых акцыях пратэсту ў сталіцы.
Бацькі хлопца адзначыць, што на павестцы ад судовага выканаўцы акрамя стандартных дадзеных утрымліваецца рукапісны допіс пра “арышт на 15 сутак у выпадку няяўкі”.