Як наблізіць наш Дзень Волі?

Сяргей Будкін заклікае супольна набліжаць Дзень Волі — дапамагаць вязням, паўсюль размаўцяць па-беларуску. А яшчэ — вывучаць сваё! «Ёсць у сеціве прастора, якую і жыцця не хопіць, каб зведаць». Сяргей таксама заклікае супольна сабраць асноўныя спасылкі на галоўныя беларусацэнтрычныя рэсурсы.

276124177_10218772200728004_6736270699966962984_n.jpg

Сяргей Будкін заклікае беларусаў супольна набліжаць дзень нашай Волі. Пра тое, як гэта зрабіць, Сяргей Будкін разважае на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Учора забралі чалавека, якога бясконца паважаю і ганаруся знаёмствам — Зміцера Дашкевіча. Да гэтага яго выклікалі на допыт разам з цяжарнай жонкай, уварваліся ў кватэру, перавярнулі ўсё дагары нагамі і забралі ўсе прылады. Ведаю, што Зміцер — нязломны. І разумею, як няпроста Насце Дашкевіч.

А ў сераду кінулі за краты Таццяну Вадалажскую, сацыёлага і праграмнага дырэктара Лятучага ўніверсітэта. Яна ўжо была ў зняволенні, і яе адпусцілі пад падпіску. Таццяна хацела выехаць на лячэнне за мяжу і як сумленны чалавек пайшла да следчага, каб патлумачыць сітуацыю. Там яе і арыштавалі…

А ў аўторак звольнілі яшчэ аднаго чалавека, якога паважаю, — Андрэя Саўчанку, дзякуючы якому трымалася канструкцыя пад назвай Тэатр На Балконе пры БДУ. Яго беспадстаўна затрымалі проста на працы, праз два тыдні адпусцілі, зноў жа пад падпіску аб неразгалошванні. І нават жонцы з малым дзіцём ён не можа распавесці ўсё, што перажыў за гэты час.

І ў той жа аўторак выселілі выдавецтва «Янушкевіч», якое выдае кнігі самых актуальных сучасных аўтараў з Беларусі і ўсяго свету, у тым ліку беларускія пераклады нобелеўскіх лаўрэатаў. У апошні дзень існавання офіса выдаўцы зладзілі распродаж. Чарга расцягнулася на ўсю Мар'еўскую.

А тыдзень таму затрымалі гісторыка Алеся Белага, арт-мастака Алега Ларычава, цік-токера Мікіту Бялевіча, якія проста ішлі на вуліцы і, магчыма, штосьці там пра сябе думалі. «За супраціўленне міліцыі» іх пасадзілі на 15 сутак.

А яшчэ нядаўна затрымалі керамістку і заснавальніцу брэнда Piu ceramics Анастасію Малашук і яе мужа Аляксея Кедыша. Вінавацяць па крымінальнай справе, у ізалятары чакаюць суда.

І чакаць яго можна доўга, як сведчыць, напрыклад, гісторыя Алеся Пушкіна, з якім рэжым не ведае, што рабіць. 30 сакавіка будзе роўна год, як яго ўтрымліваюць у закладніках. І толькі ў сакавіку прайшло першае пасяджэнне, на якім Алесь выступіў з яскравым стэнд-апам. Сярод іншага ён сказаў, што гатовы да незаконнага прысуду 12 год турмы і парадаваўся, што пракурор кажа па-руску, бо зусім была б ганьба, калі б яго судзілі па-беларуску.

Таксама судзяць блогера Влада Vlad Savinn, ён калісьці рабіў на ОНТ рэаліці-шоу, а ў 2020-м актыўна ўключыўся ў пратэсты. Чалавек амаль год правёў за кратамі ў чаканні суда, 30 сакавіка павінны вынесці прысуд, пагражае да 8 гадоў.

Такіх гісторый толькі сярод культурных дзеячаў — сотні. Старонка «Культура пад арыштам» пастаянна абнаўляецца.

З аднаго боку хочацца проста крычаць ад бяссілля. А з другога — ёсць абсалютна яснае разуменне, як наблізіць гэты дзень. Дзень Іх Волі.

Так, лістамі. Так, ахваряваннямі. Так, словамі падтрымкі для родных.

Але ёсць яшчэ другі ўзровень падтрымкі. І мне акурат Зміцер Дашкевіч тут абавязкова паставіць лайк, як выйдзе.

Гаварыце па-беларуску — пра сябе, нясмела, з сябрамі і роднымі, а потым паўсюль і з усімі, ва ўвесь голас. І каб вашы дзеткі мелі першую родную — беларускую. А далей — хоць рускую, хоць кітайскую.

Вывучайце сваё! Ёсць у сеціве прастора, якую і жыцця не хопіць, каб зведаць.

І спасылкі на гэтыя ўсе грунтоўныя рэсурсы павінны дапамагчы нам ва ўмацаванні Нашага падмурку, які чужынцы не здолеюць зруйнаваць.