Марыя Калеснікава: Беларусы, сёння наша свята!

Мы не можам страціць сваю краіну, мы не можам страціць незалежнасць і суверэнітэт. Усе, хто можа дапамагчы спыніць тое, што адбываецца, павінны спрабаваць гэта зрабіць, — заклікала беларусаў Марыя Калеснікава.

kalesnikava_znak.jpg

Марыя Калеснікава звярнулася з-за кратаў да беларусаў:

— Я хачу, каб мы жылі ў свабоднай і бяспечнай краіне, дзе ўлада служыць народу, а не наадварот, дзе мы самі вырашаем свой лёс у сваёй краіне. Гэта вельмі простыя, але неабходныя рэчы, і нам трэба будзе прайсці складаны шлях, каб іх набыць.

Воля — гэта здольнасць прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Гэта мужнасць і смеласць адстойваць саміх сябе і сваю незалежнасць. Цяпер не мы прымаем гэтыя рашэнні, але нам і нашым дзецям давядзецца за іх адказваць. І, безумоўна, калектыўная адказнасць кожнага з нас ёсць — у большай ці меншай ступені.

Усе, хто можа дапамагчы спыніць тое, што адбываецца, павінны спрабаваць гэта зрабіць. Мы не можам страціць сваю краіну, мы не можам страціць незалежнасць і суверэнітэт.

Мы ўжо паказалі ўсяму свету, што мы свабодны, адважны мірны народ, гатовы змагацца за сваю будучыню ў сваёй краіне. Дзе б вы цяпер ні знаходзіліся — у турме, на волі, у Мінску, за мяжой — памятаеце: разам мы вялікая сям'я.