Як «несапраўдныя подпісы» апынуліся «сапраўднымі» — выбарчая гісторыя
Гомельская акруговая камісія зарэгістравала кандыдатам у мясцовыя дэпутаты жыхарку Жлобіна Галіну Пашкоўскую (вылучаецца ад кампаніі "Гавары праўду»), якой раённая Жлобінская выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі.
Галіна Пашкоўская
балатуецца па Камсамольскай выбарчай акрузе ў Жлобінскі раённы савет дэпутатаў.
Афіцыйная падстава адмовы ў рэгістрацыі — несапраўднасць 8 з 15 абраных на
праверку подпісаў выбарцаў. Сябры камісіі паведамілі Галіне Пашкоўскай,
што яны спачатку візуальна ацэньвалі сапраўднасць подпісаў, а потым хадзілі па
кватэрам і спраўджвалі яе подпісы.
“Мне выбарцы паведамілі, што да іх ніхто не прыходзіў і ніхто іх ні пра што не запытваўся, — каментуе Галіна Пашкоўская, — і дзіўны, канешне, спосаб ацэньваць сапраўднасць подпісаў: арыентацыя на візуальную частку”.
Кандыдатка пераканана, што яе нерэгістрацыя Жлобінскай выбарчай камісіяй — палітычна матываваная.
“Была прадузятасць да мяне падчас прыняцця рашэння аб рэгістрацыі, — кажа Галіна, — бо па маёй акрузе вылучаецца дзейсны дэпутат, вось і не ведалі ўжо да чаго дачапіцца. Дачапіліся да подпісаў. Але я была пераканана ў сваіх подпісах, я ўласнаручна іх збірала”.
З Гомельскай акруговай камісіі паведамілі, што для адмены рашэння раённай выбарчай камісіі аб нерэгістрацыі неабходна, каб кандыдатка ўзяла распіскі ў выбарцаў, што яны насамрэч падпісаліся за яе. Спадарыні Галіне давялося яшчэ раз звяртацца да выбарцаў ужо па распіскі.
“Я рада, што акруговая камісія была аб’ектыўнай і зарэгістравала мяне і гэта мяне здзівіла, нават не чакала, — адзначае Галіна Пашкоўская, — цяпер буду актыўна займацца агітацыяй”.
Ларыса Шчыракова, gomelspring.org
Фота з асабістага архіву Галіны Пашкоўскай