Як Вераніка на Камароўцы далучылася да «забастовак па пятніцах» Грэты Тунберг

«Нават у Афганістане людзі выходзяць і пратэстуюць. А ў Беларусі — не». 23-гадовая мінчанка прыйшла на Камароўку, каб далучыцца да «забастовак па пятніцах» Грэты Тунберг.

Фота Любоў Каспяровіч / TUT.BY

Фота Любоў Каспяровіч / TUT.BY

У пятніцу, 27 верасня, Беларусь далучылася да глабальнага руху, які запусціла шведская школьніца Грэта Тунберг. Для гэтага Вераніка Яновіч проста выйшла на пляцоўку ля мінскай Камароўкі, прынесла з сабой скрынку і напісала на ёй «Кліматычны страйк у Беларусі?..». 

З 20 па 27 верасня ў свеце праходзіць Глабальная кліматычная забастоўка. У мінулую пятніцу на яе выйшлі каля 4 мільёнаў чалавек у 150 краінах. Беларусі сярод іх не аказалася.

— Было прыкра, што мы ніяк не змаглі далучыцца, — распавядае Вераніка. Ёй 23 гады, яна з’яўляецца сябрам моладзевага крыла партыі «Зялёныя».

Першапачаткова разам з ініцыятывай «Моладзь за ўстойлівае развіццё» яны планавалі зладзіць дэманстрацыю ў Кіеўскім скверы.

— Але з-за таго, што мы не вельмі добра разбіраемся ў беларускім заканадаўстве, не паспелі ўсё арганізаваць: падпісаць дамову з міліцыяй і медыкамі.

Аднак Вераніка прыдумала іншае выйсце: як Грэта і тысячы школьнікаў па ўсім свеце, у гэтую пятніцу яна пайшла не на працу, а да Камароўкі і ўзяла з сабой кардонную скрынку, на якой напісала: «Кліматычны страйк у Беларусі?..».

— Грэта кожную пятніцу выходзіла да будынка шведскага парламента. Чаму вы абралі Камароўку?

— Па заканадаўстве, я не магу сядзець ля будынка парламента. Калі я прыйду туды, мяне вельмі хутка забяруць.

Каля рынку Вераніка прасядзела каля трох гадзін. Многія мінакі, кажа Вераніка, моўчкі яе фатаграфавалі. Некаторыя пыталіся, ці не збірае яна рэчы або грошы.

— Не, мы нічога не збіраем. Такім чынам мы проста хочам паказаць людзям, што беларусы таксама могуць выходзіць і казаць пра тое, што мы думаем наконт зменаў клімату і не толькі.

Але далёка на ўсе зразумелі ідэю дзяўчыны.

— А што вы робіце? — пытаюцца жанчыны, якія праходзяць побач.

— Мы хацелі б прыцягнуць увагу да змен клімату ў Беларусі.

— І што вы для гэтага робіце? Проста сядзіце? Смешна.

Фота: Любоў Каспяровіч, TUT.BY

Фота: Любоў Каспяровіч, TUT.BY


— Прамова Грэты на Генеральнай Асамблеі ААН справакавала вялікую хвалю дыскусій. Напрыклад, шмат хто кажа, што яна яшчэ школьніца і не можа быць эксперткай, што ў яе ёсць пэўныя захворванні. Што вы думаеце на гэты конт?

— Я на баку таго, што яна кажа, а не яе праблем са здароўем. І я згодна з яе думкамі.

— Вы напісалі на скрыні «Кліматычны страйк у Беларусі?..» з пытальнікам ды яшчэ са шматкроп’ем. Чаму такая фармулёўка?

— Гэта для таго, каб людзі маглі паразважаць. Гэтыя словы не толькі пра клімат. Яны таксама закранаюць пытанне магчымасці людзей выказваць сваё меркаванне ў Беларусі, выходзіць на вуліцу, чаго мы не можам рабіць без пэўных наступстваў. Амаль увесь свет можа гэта рабіць. Нават у Афганістане людзі выходзяць і пратэстуюць. А ў Беларусі — не.

Паводле tut.by