ЗША. Бомбай па ўрагане

Смех выклікала нядаўняя прапанова Дональда Трампа бамбардзіраваць ураганы атамнымі фугасамі.

Фота з сайта hi-news.ru.

Фота з сайта hi-news.ru.

Між тым, як высвятляецца, ідэя не новая і, больш за тое, у свой час успрымалася дастаткова сур’ёзна.

Пачаць, аднак, трэба з таго, што ўраганы вельмі часта атакуюць Фларыду, дзе знаходзяцца вілы багатых амерыканцаў. У 1935 годзе ўраганы так дасталі жыхароў, што багацеі пачалі патрабаваць ад Вашынгтона адпраўкі ў зону фарміравання ўраганаў вайсковай авіяцыі. У выніку план праваліўся.

Затое пра яго ўзгадалі ў 1945-м, адразу пасля бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі. Мэр горада Маямі адразу напісаў ліст на адрас прэзідэнта ды заклікаў яго ўжыць бомбы супраць цыклонаў.

Апошні раз падобны праект агучвалі супрацоўнікі адной з метэаралагічных станцый у 1959 годзе.

Тое, што ніводнага разу ідэю не падтрымалі, тлумачыцца вельмі проста. Навукоўцы пагаджаюцца: выбух атамнай бомбы можа нагрэць ваду, што разбурыць механізм фарміравання цыклона. Аднак наступствы радыяцыі могуць быць значна горшыя за нават вельмі моцны ўраган.

З іншага боку, хутчэй за ўсё, да гэтай ідэі яшчэ будуць неаднаразова вяртацца.

Паводле амерыканскай прэсы