«Ён паўтара года не п’е зусім». Шматдзетнага бацьку з Кобрына, які звяртаўся да Лукашэнкі, змясцілі ў ЛТП

36-гадовага Віталя Жука з Кобрына, які размясціў на сваёй старонцы «УКантакце» зварот да Аляксандра Лукашэнкі супраць гвалту, змясцілі ў ЛТП № 5. На яго таксама завялі справу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса («Публічная знявага прэзідэнта»), распавядае «Свабода».

c94e29cf_53fc_4dfa_94b7_601372774932_cx0_cy16_cw0_w1023_r1_s.webp

Як Віталь Жук трапіў у ЛТП?

У ЛТП (установу, дзе маюць прымусова лячыць ад алкагалізму і наркаманіі) Віталя змясцілі 8 лютага сёлета згодна з рашэннем Кобрынскага суду ад 2019 году.

Віталя затрымалі ў Мінску, дзе ён працаваў на фірме і жыў у сябра, у ноч на 7 лютага, потым прывезлі ў Кобрын.

«Мне нават не дазволілі перадаць яму перадачу з самым неабходным. А калі я адправіла яму пасылку і ліст у ЛТП, то яны не адразу аддалі іх», — кажа жонка хлопца Маргарыта.

Ці былі ў Віталя праблемы з алкаголем, ці сапраўды яму патрэбнае было лячэнне ў ЛТП?

«Не, ён паўтара года не п’е зусім, ні піва, ні слабаалкагольнага, ніякага. Ён там больш не таму, што піў, а ў яго быў канфлікт з намеснікам начальніка РАУС. У яго знаёмы тут, які мае начныя клубы, ён з ім выпіў недзе яшчэ ў 2018 годзе. І не паспеў выйсці, як яго затрымалі, а напісалі, што яго затрымалі на іншай вуліцы і ён быў неахайна апрануты. Але былі доказы таго, што яго затрымалі каля начнога клубу і ён быў у адэкватным стане. Пасля гэтага пачаўся канфлікт, і яго стараліся недзе вылавіць, калі ён выйшаў з крамы ці дома, і складалі на яго адміністрацыйныя пратаколы. Потым суд, і яму прысудзілі ЛТП у 2019 годзе. Забралі толькі цяпер», — кажа Маргарыта.

Тры ператрусы

Паводле Маргарыты, пераслед мужа пачаўся з прычыны яго допісу ў сацсетцы, які ён напісаў пасля падзей 9-10 жніўня.

«Ён прыехаў дадому і быў вельмі эмацыйна ўзрушаны. Ён выклаў свой допіс пасля таго, як людзей закідвалі дымавымі шашкамі, вылоўлівалі па горадзе. Спачатку да нас прыехалі трое ў цывільным, потым машына стаяла каля дома, пад кватэрай затрымалі суседа, за мной сачылі», — кажа Маргарыта.

У іх доме ў вёсцы Імянін Кобрынскага раёну і на кватэры ў Кобрыне зрабілі тры ператрусы.

«Прыязджалі па некалькі машын, калі мы жылі ў вёсцы, пачалі яго лавіць, — кажа яна. — Ператрусы праводзілі пад рознымі нагодамі, а насамрэч шукалі мужа. У нас у парку ў жніўні размалявалі камень у бел-чырвона-белы колер. Па гэтай справе таксама праводзілі вобшук не толькі ў нас, але і ў іншых актывістаў у Кобрыне».

Допіс і старонку выдалілі

У пастанове на агляд жылля ад 5 кастрычніка, які праводзілі супрацоўнікі аддзелу крымінальнага вышуку ў доме ў вёсцы, гаворыцца, што Віталь Жук «публічна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы „УКантакце“ размяшчае інфармацыю, якая кампраметуе дзейнага прэзідэнта РБ».

Пасля гэтага ператрусу ў Маргарыты забралі тэлефон. Віталь на той час знаходзіўся ў Мінску. Маргарыта кажа, што допіс і старонку Віталя выдалілі з сацсеткі.

«Але скрын гэтага допісу ў іх ёсць, і нібыта, як мне сказаў следчы, наводку на яго дала служба ўласнай бяспекі. Яны правялі лінгвістычную экспэртызу, і яна нібыта пацвярджае, што была знявага. Але пакуль справа прыпыненая. То-бок яго максімальна хочуць патрымаць у ЛТП, а потым яшчэ па гэтым артыкуле. Бо ён шмат выказваўся ў тэлеграм-канале "Кобрын для жыцця", што міліцыя няправільна сябе паводзіць», — кажа Маргарыта.

Яна расказвае, што ўвосень Віталю Жуку прысудзілі штраф у 15 базавых паводле арт. 23.34, затрымалі дома пры дзецях, надзелі кайданкі, і двое сутак ён правёў у ізалятары.

У сям’і чацвёра малых дзяцей

Маргарыта кажа, што ў яе на руках засталіся чацвёра дзяцей. Яна ў дэкрэтным водпуску.

«Малодшай год, другой дзяўчынцы чатыры гады, хлопчыку шэсць, і старэйшай споўнілася ў студзені дзевяць, — кажа Маргарыта. — Я на гэта звяртала ўвагу кіраўніцтва ЛТП. Плюс яшчэ па стане здароўя нельга там мужа трымаць. Але нікога нічога не хвалюе. Яго яшчэ паставілі ў ЛТП на ўлік як "экстрэміста, схільнага да дэструктыўных дзеянняў". Ён кожныя дзве гадзіны ходзіць адзначаецца. Там яшчэ адзін, як ён піша, з'явіўся "палітычны"».

Цяпер Віталь на карантыне, сувязі з ім пакуль Маргарыта не мае.