Двух затрыманых на Мірашнічэнкі мінчанак асудзілі на 15 і 30 сутак за непадпарадкаванне на Акрэсціна
Справы мінчанак, затрыманых у суботу на вуліцы Мірашнічэнкі, адправілі ў панядзелак на дапрацоўку без суда. Жанчын павінны былі адпусціць сёння раніцай, але выйшлі на свабоду не ўсе, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сёння раніцай скончыліся трое сутак пасля затрымання мінчанак 13 сакавіка на вуліцы Мірашнічэнкі. Вікторыю Зубараву, Таццяну Астроўскую і Любоў Храловіч адпусцілі да суда — іх справы на дапрацоўцы. А на Крысціну Малахоўскую і Таццяну Кірпічову склалі пратаколы за непадпарадкаванне на Акрэсціна і асудзілі на 15 і 30 сутак.
Як заявілі ў ГУУС Мінгарвыканкама пасля суботняга затрымання, на вуліцы Мірашнічэнкі нібыта была запланавана акцыя, удзельнікі якой павінны былі развешваць «улёткі палітычнага характару».
Міліцыя таксама размясціла відэа, на якім адна з мінчанак кажа, што яна не разумее, за што іх затрымалі, — нічога дрэннага яны не рабілі. Жанчына таксама адмовілася сведчыць супраць сябе.
tut.by