«Людзі раззлаваныя дашчэнту». Рэпартаж з Новай Баравой, якую штодня кашмараць сілавікі

Жыхары і ўлады паведамляюць пра ціск на жыхароў жылога комплексу Новая Баравая, што пад Мінскам. Сілавікі штодня патрулююць кварталы комплексу, затрымліваюць людзей, але жыхары спыняцца не збіраюцца. Кажуць, што сітуацыя іх толькі больш злуе, распавядае «Белсат».

img_20210316_090744_650.jpg

План на 300 пратаколаў

Чытачы паведамляюць, што сілавікі, у тым ліку ў цывільным, са спецсродкамі патрулююць Новую Баравую, ходзяць па закрытых дварах і паркоўках. Толькі 15 сакавіка былі затрыманыя не менш за шэсць чалавек.

«Напрыклад, аднаго чалавека, як цяпер высветлілася, скралі за стары каментар у адкрытым чаце Новай Баравой адразу пасля смерці Рамана Бандарэнкі. Каментар быў "Трыбунал"», — распавёў «Белсату» адзін з жыхароў комплексу.

Аднаму затрыманаму, у якога трое малых дзяцей, пагражалі траўматычным пісталетам пры затрыманні. Сёння меўся адбыцца суд. Збіраліся забраць і жонку, але перадумалі.

«Кожны дзень кагосьці затрымліваюць. Толькі за ўчора забралі з нашага кварталу двух чалавек. Аднаго хлопца ўдзень, з ім сувязі няма. І ў спісах няма. Дзяўчыну ўвечары, узламаўшы дзверы ў тамбуры. Хлопца за што — не ведаем», — адзначыў іншы суразмоўца.

На думку жыхароў Новай Баравой, сілавікі «атрымалі каманду "фас"» і правяраюць усіх, хто калісьці засвяціўся ў апазіцыйнай дзейнасці, нават у 2010 годзе. У сувязі з гэтым людзей заклікаюць выконваць інфармацыйную гігіену і не захоўваць дома нацыянальных сімвалаў і знакаў.

«Сёння ўначы каля другой гадзіны два ціхары хадзілі па двары. Свяцілі ліхтарыкам пад дрэвам. Ці то нешта шукалі, ці то нешта паклалі туды. Пакуль няясна. Ёсць інфармацыя, што на Новую Баравую складзена 300 пратаколаў. Мабыць, пакуль усе не запоўняць, не супакояцца… План жа трэба выконваць», — распавёў жыхар аднаго з кварталаў комплексу.

img_20210316_090802_891.jpg

Міністэрства пачало крымінальную справу супраць жыхароў Новай Баравой

МУС Беларусі пацвярджае пільную ўвагу да Новай Баравой. Як паведаміў 16 сакавіка тэлеграм-канал ведамства, затрымалі адміністратара дваровага чата і тэлеграм-канала «Новая Боровая 98%».

«На 34-гадовага жыхара Мінскага раёна выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Мужчына кіраваў закрытым паблікам раёна, у якім знаходзілася каля 300 карыстальнікаў, у тым ліку найбольш радыкальных актывістаў, якія арганізоўваюць пратэсты ў жылым комплексе», — паведамілі ў міліцыі.

Заяўляецца, што мужчына абмяркоўваў спосабы дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне, псавання маёмасці і інфраструктуры, выказваў пагрозы службовым асобам, неаднаразова ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах. За апошняе яго прыцягнулі да адміністратцыйнай адказнасці, у яго дома знайшлі пратэставую сімволіку і больш як 1,5 тыс. улётак, сканфіскавалі мабільны тэлефон. Пачатая крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання.

Затрымалі не таго

Але мясцовыя жыхары аспрэчваюць, што затрыманы быў адміністратарам. У каментары belsat.eu яны адзначылі, што мужчына — адзін з мадэратараў невялікага чата, ён сачыў за тым, «каб не было флуду», а ў іншых чатах быў проста ўдзельнікам.

«І выкралі яго ўжо дні тры як. Гэты час, мяркуючы з усяго, білі і нешта спрабавалі высветліць», — паведаміў суразмоўца.

Сваё затрыманне зняпраўдзіў і адміністратар канала «Новая Боровая 98%». Ён адзначыў, што мае тысячы мадэратараў, якія дапамагаюць пры «наплыве ябацек». Паводле яго, ён у бяспецы і пагрозы яго затрымання няма.

cover_16x9_dsc00545.jpg

Атмасфера гета

Агулам, адзначае жыхар «Новай Баравой», у комплексе пануе «атмасфера гета».

«Людзям страшна выходзіць нават у краму і на працу. Прычым гэта датычыць усіх», — кажа суразмоўца.

Паводле яго, толькі адна сям’я прыхільнікаў Лукашэнкі стала запрашае сваіх сяброў і здымае астатніх на тэлефоны, «каб потым спрабаваць даносіць на людзей».

«Але гэта нічога асабліва не мяняе. Людзі ўсё роўна нацэленыя на дацісканне. Толькі цяпер яшчэ і раззлаваныя дашчэнту», — падкрэсліў жыхар Новай Баравой.

З прычыны штодзённых затрыманняў у людзей ужо сабраныя дома торбы «на ўсялякі выпадак», кажа іншы жыхар комплексу.

«Мне нястрашна, проста вельмі непрыемна бачыць няпрошаных гасцей на вуліцах і ў дварах. Асабліва вось 8 сакавіка, святочны дзень для жанчын. Едзеш па раёне: пост ДАІ, кружляюць мінімум дзве міліцэйскія тачкі, чатыры пешыя патрулі па тры чалавекі ў кожным. Два з іх смешна ішлі за метраў 100 адзін ад аднаго. Можа, сачылі ўжо і за сваімі», — распавёў яшчэ адзін з насельнікаў Новай Баравой.

Між тым сёння ўлады на яшчэ адным гмаху ўсталёўваюць чырвона-зялёны сцяг. Папярэдні там павесілі 4 сакавіка.