Затрымалі адміністратара дваровага чата і тэлеграм-канала «Новая Баравая 98%»? Не ўсё так проста
ГУБАЗіК затрымаў адміністратара дваровага чата і тэлеграм-канала «Новая Баравая 98%». Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.
На 34-гадовага жыхара Мінскага раёна выйшлі супрацоўнікі
ГУБАЗіК. Паводле версіі міліцыі, мужчына кіраваў закрытым паблікам раёна, «у
якім налічвалася блізу 300 карыстальнікаў, уключаючы найбольш радыкальных
актывістаў, якія арганізуюць пратэсты ў жылым комплексе», паведамляе TUT.BY.
— Быў у «дэструктыўным» чаце Новай Баравой, быў
мадэратарам чата і канала «Новая Баравая 98%». Сваю віну прызнаю,
больш абяцаю падобных дзеянняў не здзяйсняць, — распавядае мужчына на відэа,
распаўсюджаным МУС.
Паводле інфармацыі міліцыі, у тэлеграм-канале адміністратар
«не толькі абмяркоўваў спосабы дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, псавання маёмасці і інфраструктуры, а таксама выказваў пагрозы ў дачыненні да службовых
асоб дзяржорганаў і міліцыянтаў».
Мужчыну прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у
несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.
Жыхары Новай Баравой распавядаюць, што перыядычна ў дамах і
на вуліцах квартала з'яўляюцца невядомыя, часам адбываюцца затрыманні. На
здымку вышэй — невядомыя ў квартале 15 сакавіка.
Адзначаецца, што ў кватэры затрыманага знайшлі «пратэсную сімволіку» і больш за 1,5 тысячы ўлётак з заклікамі, канфіскаваны яго мабільны тэлефон.
Мужчыну вынеслі афіцыйнае папярэджанне ў адпаведнасці з
«Законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У бліжэйшы час яго дзеянням
і іншых удзельнікаў «названых тэлеграм-рэсурсаў» следчыя дадуць
прававую ацэнку па крымінальнай справе, узбуджанай за стварэнне экстрэмісцкага
фарміравання, піша міліцыя.
Разам з тым, паведамляе «Белсат», жыхары Новай Баравой кажуць, што гэты мужчына — не адміністратар.
Яны паведамілі, што гэта мадэратар невялікага чату, які
сачыў, каб у ім не было флуду. У больш буйных чатах раёна ён быў звычайным
удзельнікам.
Затрымалі мужчыну, паводле жыхароў раёна, яшчэ некалькі дзён
таму.