Кабякоў: Урад будзе займацца прававым рэгуляваннем працы Uber у Беларусі
Урад будзе займацца прававым рэгуляваннем працы Uber у Беларусі. Пры гэтым будуць улічаныя інтарэсы абодвух бакоў. Пра гэта 24 траўня заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.
Ён правёў сустрэчу з кіраўніцтвам кампаніі Uber, інфармуе прэс-служба Саўміна.
Кабякоў назваў візіт кіраўніцтва Uber знакавай падзеяй. “Гэта пацверджанне таго, што наша краіна мае добрую дынаміку развіцця лічбавых тэхналогій, спрыяльнае бізнес-асяроддзе, — цытуе словы прэм’ера яго прэс-служба. — Разлічваю, што зможам пабудаваць доўгатэрміновае і ўзаемавыгаднае стратэгічнае супрацоўніцтва”.
На сустрэчы была абмеркаваная рэалізацыя праектаў кампаніі ў нашай краіне. Андрэй Кабякоў адзначыў, што “за адносна невялікі тэрмін” кампанія “дамаглася добрых вынікаў у галіне перавозак пасажыраў”. Што былі ўкаранёны “новыя тэхналогіі, якія дазваляюць зрабіць паездкі камфортнымі для пасажыраў і больш празрыстымі ў плане збору падаткаў для дзяржавы”.
Таксама прэм’ер-міністр прывітаў ініцыятыву Uber па супрацоўніцтве з Паркам высокіх тэхналогій (на сустрэчы прысутнічаў яго кіраўнік Усевалад Янчэўскі). Кабякоў адзначыў, што “адкрыццё цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак Uber у Парку стане добрым стартам нашай сумеснай працы”.
Падчас сустрэчы прэм’ер асобна спыніўся на перспектывах супрацоўніцтва з кампаніяй у галіне беспілотнага транспарту.
euroradio.fm