Калі Лукашэнка будзе гатовы вызваліць палітвязняў? А ён — будзе гатовы
Публіцыстка Вольга Лойка ў «Плане Б» разважае пра тое, калі і з якіх прычын адбудзецца гандаль па вызваленні палітвязняў. І папярэджвае, што беларускае грамадства і палітычныя сілы павінны быць да гэтага гандлю гатовыя — і фізічна, і маральна. Як Ізраіль у абмене закладнікаў з ХАМАС.
Ізраіль вядомы сваёй тактыкай сілавога адказу тэрарыстам. Паўтары месяцы ён паслядоўна і жорстка бамбіць і расстрэльвае свайго ворага, звяртаючы мала ўвагі на стогны і пагрозы з розных бакоў. І адначасова вядзе перамовы аб сваіх закладніках — звяртаючы яшчэ менш увагі на развагі скептыкаў аб бесперспектыўнасці размоў з ХАМАС. І першыя кадры галосячых сваякоў, якія абдымаюць сваіх блізкіх, што прайшлі праз пекла, але тых, хто выжыў, мы ўбачылі ў гэтыя выходныя.
А што з нашымі, беларускімі закладнікамі, пра лёс многіх з якіх нічога не вядома ўжо больш за 200 дзён? Паўза зацягнулася. Падаецца, прыхільнікаў перамоў становіцца больш. Прынамсі, ужо не крычаць «здрада» на любую спробу падняць гэтае пытанне. Але пры якіх умовах Лукашэнка будзе гатовы выпусціць закладнікаў?
Дамаўляцца або…
Ёсць усяго дзве нармальныя паслядоўныя тактыкі ў дачыненні да дзеянняў тэрарыстаў. Для простасці мы можам менавіта так называць тых, хто адвольна захоплівае і мучыць людзей, пазбаўляючы базавых правоў і свабод — нават калі для прыкрыцця ў іх ёсць суды. Ёсць варыянт таго самага «сілавога адказу», які звычайна выбіраюць ЗША і Ізраіль, і ёсць перамовы з як мінімум частковым выкананнем патрабаванняў тэрарыстаў. Дзеля вызвалення закладнікаў.
Усе прамежкавыя варыянты малаэфектыўныя. Асабліва варыянт «пачакаць і паглядзець, раптам само рассмокчацца». Ні перамога Украіны (калі-небудзь), ні ордэры на арышт Пуціна і Лукашэнкі (і нават іх маёмасці), ні смерць любога з гэтых таварышаў не развяжа праблему аўтаматычна. Тым больш, што магчымасці беларусаў паўплываць на ўсе гэтыя падзеі даволі абмежаваныя.
З «сілавым адказам» таксама адкрыта не атрымалася. «Санкцыйныя» алігархі хутка суцешыліся новымі схемамі заробку, экспартныя патокі худа-бедна, але выбіраюцца з краіны. А імпартныя — у краіну. І праіснаваць у такім рэжыме эканоміка можа даволі доўга. Дакладна даўжэй, чым могуць трываць у людзі ў турмах.
Але дэмсілы не спяшаюцца сфармуляваць выразную пазіцыю. Хоць асобныя прадстаўнікі, накшталт Вольгі Гарбуновай або Валерыя Сахашчыка, ужо не раз казалі пра тое, што сілавога шляху вызвалення палітвязняў няма. Значыць, патрэбны іншы шлях.
Гандаль ёсць, але не той
Цікава, што гандаль фактычна ўжо ідзе. Толькі не з Лукашэнкам. Пакуль мы гандлюемся самі супраць сябе. Гэта значыць, прыводзім мноства аргументаў на карысць немагчымасці перамоваў, нерэальнасці задаволіць запыты процілеглага боку. Занятак займальны, але цалкам бескарысны.
Вопыт вызвалення закладнікаў ХАМАСам, абмену абаронцаў «Азоўсталі» кажа пра тое, што нават у зусім немагчымых сітуацыях ёсць магчымасці для дасягнення сваіх мэтаў. Калі вельмі трэба. І калі ўдаецца прыцягнуць да перамоваў людзей, якія ўмеюць дамаўляцца. Ці, як любяць казаць людзі ў «белым паліто», «арганізоўваць брудны схематоз». Не без гэтага. Не так прыгожа, як вяшчаць правільныя рэчы з трыбуны, затое куды больш эфектыўна.
Галоўны аргумент праціўнікаў перамоў: нам няма чаго прапанаваць Лукашэнку. Якому проста не патрэбныя гэтыя перамовы. Дапусцім, цяпер не патрэбныя (з гэтым аргументам паспрачаемся пазней). А калі яны сапраўды стануць патрэбныя?
Калі яго ў чарговы раз бартане Пуцін. Ці не Пуцін
Татальная залежнасць Мінска ад добразычлівасці Расіі відавочная ўсім. І ліхаманкавыя спробы Лукашэнкі быць карысным (як у выпадку з бунтам Прыгожына) выклікаюць, скажам далікатна, не заўсёды станоўчую рэакцыю Масквы.
Вось і на мінулым тыдні ў Мінску, дзе Пуцін — рэдкі госць, сустрэча хаўруснікаў была некалькі змазанай. Нягледзячы на радасныя рэляцыі дзяржСМІ пра тое, што Лукашэнка і Пуцін правялі двухбаковую сустрэчу ў машыне па дарозе ў аэрапорт. Вялікія справы, вядома, і не ў такіх месцах робяцца, але павагі да гаспадара сустрэчы тут няшмат. Дорага абыходзіцца Маскве гэты саюзнік абмежаванай карыснасці. Дый падзецца яму няма куды, так што можна трымаць на адлегласці. Часам дазваляючы праводзіць сябе да аэрапорта, слухаючы ў палову вуха пра праблемы малодшага саюзніка.
Любы капрыз Масквы — і дзірка ў бюджэце Беларусі стане пагрозай эканамічнай стабільнасці краіны. Змена гаспадара Крамля — таксама. Сяброў у Лукашэнкі ў Крамлі няшмат. Не разлічваць жа ўсур'ёз на губернатараў ды сябра Мішу. А вось «гандаль» закладнікамі — яго магчымасць паправіць сітуацыю ў моманце.
Калі адчуе пагрозу асабістай бяспекі
Расказаная польскім журналістам байка (ці не байка) пра тое, што пасля пачатку вайны Лукашэнка падумваў з'ехаць у Польшчу, а адтуль паляцець у невядомым кірунку зрабіла міні-сенсацыю. Але ў рэгіёне рэальна неспакойна. Узгадайце калі не вайну, дык той жа прыгожынскі бунт або бескантрольна выбухаючыя ў розных стратэгічных месцах Расіі дроны.
І нават калі Лукашэнка верыць у асаблівую беларускую стабільнасць, якую з апошніх сіл паказвае ягоны тэлевізар, яму патрэбны «план Б». І гарантыі бяспекі сабе і сям'і.
Калі спрацуюць аргументы тонкай налады
Дарэчы, аргумент пра перамовы, нібыта не патрэбныя Лукашэнку, лёгка разаб'е любы круты прадажнік. Вельмі патрэбныя, проста ён, магчыма, пакуль пра гэта не ведае. Значыць, яму трэба пра гэта расказаць. Вось ХАМАСу распавялі — і яны ўсё зразумелі.
Каму пад сілу такая пераканаўчасць? Спектр шырокі — ад экс-дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа (ён яшчэ ў пачатку 2020 года ціснуў Лукашэнку руку ў Мінску), да Такаева, Эрдагана ці Папы Рымскага. Ды хоць Рамана Абрамовіча — калі ўжо ў яго так удала з абаронцамі «Азоўсталі» атрымалася. У свеце досыць уплывовых і аўтарытэтных людзей, хто з чалавекалюбства, карысці, ганарыстасці або па якіх-небудзь іншых прычынах быў бы зацікаўлены выступіць пасярэднікам.
...Мала хто ўжо сумняецца, што Ізраіль канчаткова вырашыць пытанне з ХАМАС. Але ўжо цяпер тэрарысты адпускаюць больш за 50 закладнікаў у абмен на 150 зняволеных палестынцаў (жанчын і падлеткаў), і чатыры дні перамір'я. Улады Ізраіля абяцаюць дадаваць яшчэ па адным дні за кожных 10 вызваленых закладнікаў.
І не, гэта не падобна на гандаль людзьмі. І на патуранне тэрарыстам таксама. Гэта лютая, жорсткая і паслядоўная барацьба за сваіх. Любой цаной. А што атрымаюць пасярэднікі — нават не вельмі цікава. Наўрад ці яны прэтэндуюць на несмяротную душу. Астатняе — нядорага.