Каронавірус у Беларусі. У Мінску пацверджаны першы выпадак штама «амікрон-ніндзя»
Пра выяўленне новага штама паведамляюць «Мінск-Навіны». Нагадаем, пра ўздым у Беларусі захворванняў на ковід колькі дзён таму казаў інфекцыяніст Мікіта Салавей. Дзяржаўная прапаганда, наадварот, рапартавала, што аніякага ўздыму няма.

Штам «ніндзя» або «амікрон 4/5» — гэта пятая лінія
віруса, чарговая мутацыя з Паўднёвай Афрыкі, якая цяпер найбольш распаўсюджаная
ў ЗША і Заходняй Еўропе.
Падабенства з японскімі сярэднявечнымі шпіёнамі-дыверсантамі
ў тым, што вірус лепш сыходзіць ад імуннага адказу і ўхіляецца ад антыцелаў.

«Амікрон-ніндзя» можа пракрасціся ў арганізм так,
што імунная сістэма яго проста не заўважыць, а адрэагуе толькі тады, калі віруса
ў арганізме будзе ўжо занадта шмат.
Медыкі сталіцы рэкамендуюць прайсці вакцынацыю і
рэвакцынацыю перад восеньскім сезонам вірусаў. Гэта асабліва актуальна для груп рызыкі.