Кірмаш праектаў для Маладзечна на Talaka.by
На платформе Talaka.by стартуе конкурс ідэй «Кірмаш праектаў для Маладзечна», арганізаваны культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» і Школай маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.
Кірмаш праектаў — гэта досыць новы фармат публічных мерапрыемстваў, які ўяўляе сабой конкурс ідэй, здольных вырашыць нейкія культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы. Кампанія «Будзьма беларусамі!» ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб дапамагчы жыхарам горада знайсці выйсце ў рашэнні важных мясцовых пытанняў і каб іхнае жыццё стала лепшым. Калі так будзе ў кожным гарадку ці мястэчку, лепшым стане жыццё і ва ўсёй краіне.
«Будзьма беларусамі!» аб’ехала з «Кірмашамі» Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Рагачоў і іншыя гарады і мястэчкі Беларусі. Дзякуючы гэтаму фармату, многія цікавыя гарадскія ініцыятывы здзейсніліся, іх ініцыятары пазнаходзілі аднадумцаў і для рэалізацыі іншых цікавых праектаў. Да прыкладу, у гэтым годзе «Кірмаш праектаў» у Віцебску дапамог узбагаціць Дзень горада і Дзень моладзі мноствам адметных падзей. Сярод іх — Летні маркет «Барадулінкі», фестываль актыўнага адпачынку «Свята ветру», турнір па футбольным фрыстайле «Вежа», першая агульнагарадская фотасушка, «Спеўны сход» і нават вулічныя майстар-класы па танцах. А ў Магілёве з’явілася «Палатно гісторыі ў стылі графіці», якое расказвала пра найбольш значныя гістарычныя даты. А яшчэ ініцыятыўныя жыхары горада здзейснілі літаратурны праект «Паэзія ў метро», чым па атмасферы наблізілі свой горад да Лондана.
«Кірмаш праектаў» — гэта месца, дзе вы зможаце падзяліцца сваёй ідэяй з неабыякавымі людзьмі, знайсці аднадумцаў, якія дапамогуць вам карыснымі парадамі, важнымі сувязямі, непасрэдным удзелам у вашым праекце, а часам і фінансава.
«Кірмаш праектаў» — гэта месца, дзе збіраюцца культурніцкія прапановы, іх аўтары і крытыкі. Удзел у конкурсе ідэй «Кірмаш праектаў для Маладзечна» — гэта выдатны шанец супольнымі высілкам зрабіць сваю мару рэальнасцю, зрабіць любімы горад лепшым!
Дасылайце свае ідэі на анлайн-кірмаш да 7 лістапада 2016 года і далучайцеся да конкурсу!
Даведкі: +375297121803, razam@budzma.org.