Клімавічы: Алена Марчанка абскарджвае рашэнне адміністрацыйнай камісіі

Жыхарка вёскі Домамерычы Алена Марчанка 22 траўня падала ў суд Клімавіцкага раёна.скаргу на пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ад 13.05.2014 г., якая пакарала яе за нібыта парушэнне ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных правіл.



marchanka_alena_1.jpg

У скарзе Алена Марчанка просіць суд адмяніць пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ад 13.05.2014 г. і спыніць адміністрацыйную справу ў адносінах да яе, вынесці прыватнае вызначэнне на адрас адміністрацыйнай камісіі, а таксама павярнуць дзяржпошліну.

Пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 13.05.2014 г. адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Алена Марчанка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 15 КоАП у выглядзе штрафа ў памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл.

З пастановай Алена Марчанка не згодная, бо, на яе думку, яна аднабаковая, няпоўная і неаб’ектыўная, і вынесеная з грубымі парушэннямі нормаў права, таму падлягае адмене.

Спадарыня Марчанка лічыць, што адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама, прызначыўшы ёй штраф у памеры 15 базавых велічынь пры паўторным разглядзе пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, проста адпомсціла ёй за прынцыповую пазіцыю і за сам факт падачы скаргаў на папярэднюю пастанову і незаконныя дзеянні адміністрацыйнай камісіі, за якія кіраўніцтва Клімавіцкага райвыканкама і адміністрацыйнай камісіі былі прыцягнуты да адказнасці.

Аналагічнага меркавання прытрымліваецца і магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.

“У дадзеным выпадку можна казаць пра тое, што адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама парушыла права Алены Марчанка на абскарджванне, фактычна пакараўшы яе за скаргу, - кажа Барыс Бухель. — Таксама пры паўторным разглядзе адміністрацыйнай справы ў адносінах Алены Марчанка адміністрацыйная камсісія ўзмацніла адміністрацыйная пакаранне ў адносінах да яе ў параўнанні з папярэднім разглядам, што недапушчальна згодна з дзеючым адміністрацыйным заканадаўствам і ўсталяваўшайся праваўжывальнай практыкай”.

Нагадаем, што папярэдняй пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 08.01.2014 года адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама спадарыня Марчэнка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.15.38 КаАП у выглядзе папярэджання за парушэнне ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных правіл.

Суд Клімавіцкага раёна 5 лютага адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і пастанавіў адправіць адміністрацыйную справу жыхаркі вёскі Домамерычы Алены Марчанкі на новы разгляд. Спадарыня Марчанка абскарджвала пастанову суда Клімавіцкага раёна з мэтай дабіцца канчатковага спынення разгляду адміністрацыйнай справы ў адносінах да яе з-за шматлікіх парушэнняў заканадаўства службовымі асобамі ў Магілёўскім абласныі і Вярхоўным судах, аднак станоўчага выніку ёй дасягнуць не ўдалося.

 
spring96.org