Ліквідацыю Таварыства беларускай мовы ў Вярхоўным судзе адклалі
Алена Анісім распавяла ў каментары «Новаму Часу», што ТБМ учора падаў на абскарджванне другога пісьмовага папярэджання ТБМ ад Мінюста. Таму сёння ў Вярхоўным судзе хадайнічалі аб прыпыненні разгляду
справы па позве Мінюста: «Мінюст пагадзіўся з тым, што
месячны тэрмін яшчэ не скончаны. Таму наша хадайніцтва задаволілі», — адзначыла старшыня ТБМ.

27 жніўня Вярхоўны суд пачаў разгляд пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны», паведамляе «Свабода».
Пасяджанне павінна было пачацца ў 15.00, аднак яго перанеслі на няпэўны час — старшыня ТБМ Алена Анісім 26 жніўня падала дакументы на абскарджванне папярэджанняў і хадайнічала аб пераносе пазову. Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі не пярэчыў.
14 ліпеня ў сядзібе ТБМ адбыўся ператрус. Сілавікі забралі каляндарыкі, выдадзеныя ў 2018 годзе да 100-годдзя БНР, асобныя кнігі, аргтэхніку — маніторы, сістэмныя блокі. Ператрус адбываўся з санкцыі намесніка пракурора Менску.
Менавіта ў гэтыя дні Мін’юст патрабаваў ад ТБМ (ды іншых няўрадавых арганізацый — БАЖ, СБП, ЗБС «Бацькаўшчына») прадставіць дакументацыю. Бухгалтарскія дакументы былі ў затрыманай 8 ліпеня Вольгі Раковіч — галоўнага бухгалтара «Нашай Нівы», якая дапамагала ТБМ па дамове падраду.
Грамадская арганізацыя ў той жа дзень атрымала два пісьмовыя папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі за несвоечасова перададзеныя дакументы, якіх чыноўнікі патрабавалі ў межах пазапланавай праверкі.
«У папярэджаннях былі фармальныя прычэпкі, нічога сур’ёзнага, таму будзем змагацца далей», — сказала Алена Анісім.
Таварыства беларускай мовы існуе з 1989 года. Сярод яго ініцыятараў у той час былі Саюз беларускіх пісьменнікаў, міністэрствы адукацыі і культуры, Акадэмія навук, Белтэлерадыёкампанія.
9 жніўня Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі ПЭН-цэнтр, на чале якога стаіць Нобелеўская леўрэтка Святлана Алексіевіч. 24 жніўня там жа адбылося судовае пасяджэнне ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў, а 25-га — Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
27 жніўня разглядаецца справа аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў. А на 15 верасня Вярхоўны суд прызначыў разгляд пазову аб ліквідацыі грамадскага абʼяднання «БНФ „Адраджэньне“».
30 ліпеня беларускі кіраўнік на нарадзе з чыноўнікамі заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасці адпрацоўвалася чужая палітычная замова». Па ягоных падліках, розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы. У выніку «праведзеных мерапрыемстваў» нібыта было выдзелена 185 «дэструктыўных арганізацый», якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы.